Буда-кашалёўская зямля выхавала не аднаго таленавітага сына. І ёсць сярод іх тыя, хто можа аддзячыць роднай старонцы добрым словам на ўвесь свет. У карціннай галерэі імя Я.Я. Маісеенкі адбылася творчая сустрэча з  нашымі землякамі  Анатолем Зэкавым і Мікалаем Чарняўскім.

IMG_2989
–  Паважаныя землякі, будакашалёўцы! – звярнулася да прысутных старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Алексіна. – Я рада вітаць вас на гэтай шчырай творчай сустрэчы, якая кожнаму з нас дасць магчымасць напоўніць сябе аптымізмам, пэўным творчым успрыманнем навакольнага жыцця і падзей. Дазвольце ўручыць  пасведчанне і ганаровую стужку, якія пацвярджаюць узнагароду “Ганаровы грамадзянін Буда-Кашалёўскага раёна”  Мікалаю Чарняўскаму.
– Шаноўныя сябры, землякі. Па-першае, я хацеў бы сказаць вялікі дзякуй. Ёсць у мяне шмат узнагарод, але гэтая  для мяне  самая дарагая.  Тут я ўпершыню спазнаў радасць вершаванага радка. І хоць я вельмі даўно выйшаў са сваёй роднай вёскі,  але мяне заўсёды цягнула сюды, – падзякаваў Мікола Чарняўскі.
Таксама  ад імя кіраўніцтва раёна Алена Алексіна ўручыла падзячны ліст Анатолю Зэкаву за асабісты ўклад у творчы патэнцыял Буда-Кашалёўскага раёна.
– Самая дарагая і чаканая дарога – гэта дарога дадому, – падзяліўся Анатоль Зэкаў. – І хоць тут я амаль нічога не пішу, але адсюль  прывожу ўражанні, якія потым там выліваюцца  ў вершы і  празаічныя творы. Невыпадкова,  калі я прагартаў свае сшыткі з гэтымі творамі, то ўбачыў, што там шмат імёнаў маіх землякоў,  мянушак,  назваў нашых рэчак, вёсак і нават маіх патапаўскіх вуліц. І тады нарадзілася  кніга  “Пад кронай белых аблачын”.  Менавіта пад кронай белых аблачын прайшло маё маленства.  І зараз, працуючы ў Мінску і сустракаючыся з  чытачамі ў многіх куточках нашай Беларусі,  я заўсёды згадваю сваю Будакашалёўшчыну.
Сустрэча прайшла ў цёплай атмасферы, аўтары дзяліліся творчымі планамі, чыталі свае вершы, адны сумныя, другія з гумарам, але кожны з іх  пранізаны нотай любові да роднай зямлі і людзей, якія тут жывуць.

“Авангард”  запытаўся ў нашых таленавітых землякоў,  як яны ставяцца да таго, што абласныя «Дажынкі-2014» будуць праходзіць у Буда-Кашалёве?
Мікола ЧАРНЯЎСКІ:
– Як чалавек, які любіць сваю родную зямлю, я толькі радуюся, што тут і менавіта тут будзе праходзіць гэта свята. Наша зямля спрадвеку не толькі гераічная, але і працавітая. Усё, што мы бачым сёння, створана рукамі нашых землякоў. Я думаю, што гэта мерапрыемства будзе  штуршком, каб зрабіць нашу родную старонку яшчэ лепшай.
Анатоль ЗЭКАЎ:
– Вельмі добра стаўлюся, бо горад  становіцца прыгажэйшым. Я лічу, што кожны яго жыхар павінен зрабіць свой уклад у агульную скарбонку па навядзенню парадку ў раёне. Такое мерапрыемства надае сіл, энтузіязму. Клопатаў, канешне, хапае, але ўявіце, што свята пройдзе, а ўсё тое, што робіцца зараз, застанецца назаўсёды.

Пра сустрэчу з вучнямі роднай Буда-Люшаўскай школы адметнага дзіцячага паэта, вынаходлівага, абачлівага настаўніка, чалавека тонкай душы Міколы Чарняўскага расказвае настаўнік беларускай мовы і літаратуры Людміла ЛАПІКАВА:
– 3 кастрычніка ў Буда-Люшаўскай сярэдняй школе прайшла сустрэча з паэтам-земляком Мікалаем Чарняўскім. Ён чытаў свае вершы, гумарэскі, расказваў цікавыя гісторыі са свайго дзяцінства, успамінаў пра сваіх сяброў, аднавяскоўцаў. Вучні з задавальненнем і цікавасцю не толькі слухалі, але і былі актыўнымі ўдзельнікамі гутаркі з ім. Мікола Чарняўскі падзяліўся, што ў хуткім часе ў друку з’явяцца яго новыя кнігі “З душой пра Беларусь, або Дзіва, новая дзіва”, “Дзе схаваўся дзень у цень”, “Матуля Шо, дачушка Шоша”. Таксама прадставіў зборнікі кніг, якія нядаўна выйшлі – “Села Мурка на падмурку”, “На плошчы памяці маёй”, “Колькі дзе чаго”, “Колькі ў сонейка сяброў”, “Кенгуру ці кенгура”. Усе гэтыя кнігі ён падараваў нашай школе.
Больш за паўвека  Мікола Чарняўскі  служыць літаратурнаму слову. Ім было напісана шмат твораў як для дзяцей, так  і для дарослых. Але вядомасць Мікалай Мікалаевіч атрымаў менавіта як аўтар для малодшай аўдыторыі,  і сёння яго радкі чытаюць, вучаць і дэкламуюць вучні.
Дзіяна НОВІКАВА, вучаніца 7 класа Буда-Люшаўскай сярэдняй школы:
– Мне і маім аднакласнікам вельмі спадабалася сустрэча з Мікалаем Чарняўскім. Яго творы вельмі цікавыя, з гумарам, і  нам было цікава слухаць аўтара. Я адчуваю гонар за тое, што такі таленавіты і знакаміты чалавек нарадзіўся і вырас менавіта ў маёй роднай вёсцы. Мы вельмі ўдзячныя за кнігі, якія Мікола Чарняўскі падараваў нашай школе, і будзем з задавальненнем іх чытаць.
Анатоль Зэкаў працуе ў розных літаратурных жанрах: на яго рахунку – шмат кніг паэзіі, прозы, сатыры і гумару, а таксама казак, вершаў і скорагаворак для дзяцей. Вядомы беларускі парадыст, тонкі лірык, вясёлы апавядальнік часта ладзіць літаратурныя сустрэчы з чытачамі. Вось і ў гэты раз, прыехаўшы ў родную Патапаўку, ён сустрэўся з жыхарамі сваёй малой радзімы. Вельмі цікава, з гумарам Анатоль расказваў аўдыторыі жыццёвыя, нявыдуманыя гісторыі, чытаў вершы, адказваў на пытанні.
– Анатоль Мікалаевіч бывае частым госцем  на Будакашалёўшчыне і заўсёды сустракаецца з жыхарамі роднай вёскі, з вучнямі нашай школы. Гэта служыць добрым прыкладам любові да роднага краю для дзяцей і для ўсіх нас, – дзеліцца завуч Патапаўскай школы Святлана Малашкова. – Кожная сустрэча праходзіць вельмі цікава і запамінальна, а мы яшчэ доўга ўспамінаем гэтыя хвіліны. Мы ганарымся, што ў нас ёсць такі таленавіты пісьменнік-зямляк.
У ТЭЛЕЭФІРЫ – НАШЫ ЗЕМЛЯКІ
Дыя@блог P.S. – так называецца новая праграма на канале “Беларусь-3”. На працягу ўсяго тэлевізійнага сезона – з верасня гэтага года і да жніўня наступнага – яе вядучыя – паэты Навум Гальпяровіч і наш зямляк Анатоль Зэкаў – разам з гасцямі перадачы, беларускімі пісьменнікамі будуць весці размову пра сучасную літаратуру, распавядаць пра кніжныя навінкі, творчыя здабыткі і планы айчынных літаратараў.
Праграма будзе трансліравацца кожную суботу і двойчы паўтарацца ў запісе па панядзелках – раніцай і познім вечарам.
Ірына ЖАРАНКОВА.
Фота аўтара.

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here