ТАША І СОНЕЧНЫ ЗАЙКА
Жыла-была маленькая дзяўчынка Таша. Яна, як і ўсе дзеці ў яе ўзросце, гарэзіла, сваволіла і радавалася кожнаму новаму дню.
Гэтую вясёлую дзяўчынку ўбачыла Ліха і пачало хадзіць за ёй па пятах. Але Таша не спалохалася і толькі ўсміхалася Ліху ў адказ.
Раззлавалася тады Ліха, схапіла дзяўчынку пад пахі і павалакло ў сваё змрочнае Каралеўства.
Расплюшчыла Таша вочы, а вакол яе – туман і шэрыя хаты. Стала дзяўчынка блукаць па вузкіх вуліцах: а раптам хто дапаможа выбавіцца адсюль? Толькі спалоханыя людзі бокам абыходзілі дзяўчынку, баючыся нават загаварыць з ёй.
Засамоцілася Таша, села на лавачку і горка-горка заплакала.
І раптам невядома адкуль з’явіўся Сонечны Зайка. Пачуў Ташын плач і заскакаў вакол дзяўчынкі, каб хоць як развесяліць яе.
Таша паглядзела на Зайку, выцерла рукавом слёзы на вачах і спытала:
– Зайка, як ты тут апынуўся?
– Скакаў па аблоках і выпадкова зваліўся, – як бы пажартаваў Зайка і азірнуўся навокал. – А дзе гэта я?
– Ты – у Каралеўстве Ліха, – шэптам прамовіла Таша, прыклаўшы да вуснаў пальчык. – Уцякай хутчэй, інакш застанешся тут назаўсёды.
Таша адвярнулася і зноў заплакала.
– Ну чаму ты такая румза? – Сонечны Зайка сеў на далоньку дзяўчынцы і паспрабаваў яе суцешыць:
– Не плач, маленькая, я табе дапамагу. Абавязкова штосьці прыдумаю, і мы разам выберамся з гэтага змрочнага Каралеўства.
Таша, можа, упершыню за час знаходжання ў Каралеўстве ўсміхнулася. Пакуль Ліха блукала, лётала па свеце, вышукваючы новыя ахвяры,                 Зайка гуляў з дзяўчынкай.
Ды вось яно вярнулася. Убачыла Сонечнага Зайку, раз’юшана затупала нагамі, закружыла-завіхурыла, распасцерла свае вялізныя ручышчы, каб злавіць нязванага госця, аднак Зайка скочыў на вялізнае воблака і знік.
Ляцелі  дні, ішлі месяцы, а Сонечны Зайка не з’яўляўся. Таша ўжо і надзею страціла на тое, што калі-небудзь убачыць яго, ды раптам здарыўся цуд.
Аднойчы раніцай у небе над змрочным  Каралеўствам  павісла  яркае  сонца  і як бы жменяй сыпанула свае промні. Яны гарэзілі, скакалі,  кувыркаліся  –  і  неўзабаве ў Каралеўстве не  засталося  ніводнага  змрочнага  куточка.  Ніхто не  бачыў,  калі  і  куды,  аднак  знікла і Ліха. На тварах у людзей, якія раней былі змрочнымі, з’явіліся шчаслівыя ўсмешкі. І раптам Таша ўбачыла перад сабой Сонечнага              Зайку.
– А вось і я! – усміхнуўся Зайка. – А сонечныя промні, якія прагналі Ліха, – гэта мае браты. – Зірнуў на дзяўчынку і працягнуў ёй руку: – Ну што, паляцелі!
– Куды? – спытала Таша.
– У нашу Сонечную краіну! – усклікнуў шчаслівы Зайка. – Там нас Ліха ніколі не знойдзе!
– Паляцелі! – кіўнула галавой гэткая ж шчаслівая Таша.
І сталі яны, як распавядаецца ў народных казках, якія Таша чула ад бабулі, разам жыць-пажываць ды дабро нажываць.
Таццяна ПРЫШЧЭПАВА.

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here