Падрыхтоўка глебы, унясенне ўгнаенняў, падкормка азімых, закрыццё вільгаці і, вядома, сяўба – усё гэта сведчыць аб тым, што працы ў сельгаспрадпрыемстваў у дастатку, чаго, на жаль, не скажаш пра час. «Авангард» даведаўся, як спраўляюцца з пасяўной кампаніяй у адной з буйных гаспадарак раёна.

IMG_1634

Да сяўбы аграрыі ў СУП «Андрэеўка» падрыхтаваліся як след: насення дастаткова, машынна-трактарны парк на хаду. Цяпер самае галоўнае – спрыяльныя ўмовы надвор’я, бо плошча сяўбы з’яўляецца адной з самых вялікіх у раёне – 6735 га (больш толькі ў КСУП «Крыўск» – 6851 га), з іх 4000 – кукуруза, 750 – авёс, 800 – ячмень, 200 – пшаніца, 500 – зернебабовыя культуры і каля 400 – аднагадовыя.
– Вось ужо каля 3 гадоў прырода дазваляе пачаць пасяўную ў сакавіку, а не ў красавіку, як было раней. І нават у першы месяц вясны вільгаць з глебы выходзіць хутка, таму марудзіць няма калі. Так, плошчы ў нас немаленькія, але, паверце, справіцца на працягу 20 дзён пры аптымальным надвор’і рэальна. Тым больш рэсурсы мы прыцягваем вялікія. Напрыклад, штодня ў поле выязджаюць 3 пасяўныя агрэгаты і 4 глебаапрацоўчыя, яшчэ 3 трактары занятыя на падкормцы азімых, – расказала галоўны аграном СУП «Андрэеўка» Святлана Кузьмянкова.
А за рулём цяжкай тэхнікі – вопытныя механізатары, якія разумеюць важнасць веснавой сяўбы. Сярод іх Віталь Цімашэнка, які працуе ўвесь светлавы дзень.

IMG_1589
– Работы наперадзе шмат, але гэта лепш, чым стаяць на рамонце, – кажа Віталь. – Дарэчы, гэта ўжо 10-я пасяўная, у якой я задзейнічаны. Магу з упэўненасцю сказаць, што дадзены перыяд – адзін з маіх самых любімых, бо пасля зімы паспяваеш па-сапраўднаму змаркоціцца па працы ў полі.
Як бачым, пасяўны канвеер СУП «Андрэеўка» рухаецца без перабояў. Таму мы ў сваю чаргу ўпэўнены, што добрая арганізацыя працы, дружны калектыў і сучаснае тэхнічнае аснашчэнне дазволяць земляробам ажыццявіць намечаныя планы ў належны час.
Раман ВЕЖНАВЕЦ.
Фота аўтара.