У сельскагаспадарчай галіне нашага раёна працуе больш за 4 тысячы чалавек, каля паўтары з іх – прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва. Напярэдадні 8 Сакавіка «Авангард» распавядае пра мілых жанчын.

IMG_0040

Кухар сталовай КСУП «Губічы» Любоў Мікалаенка – майстар сваёй справы. Яе любяць і паважаюць блізкія і вяскоўцы. Працуе яна кухарам больш за 20 гадоў, каля 8 з іх звязана з сельгаспрадпрыемствам. У разгар сезону Любоў Іванаўна з калегамі рыхтуе смачныя і сытныя абеды для 200 і больш чалавек па 12 гадзін у суткі. Да жанчыны з цеплынёй і асаблівай пашанай ставяцца самыя галоўныя знаўцы яе працы – механізатары, аператары машыннага даення, жывёлаводы і іншыя прадстаўнікі аграрнай галіны. Акрамя ўсяго іншага, яна любімая маці і бабуля: у яе 3 дзяцей і 3 унукаў.
Кіруючая малочна-таварнай фермай «Папаратнае» філіяла «Марозавічы-Агра» ААТ «Гомельскі хімічны завод» Таццяна Рошчына не толькі прыгожая жанчына, клапатлівая жонка і маці, але і адказная працаўніца. Каля года таму назад яна змяніла пасаду дырэктара супермаркета і пераехала з буйнога горада ў ціхую сельскую мясцовасць. Асвоіцца ў новай для сябе галіне было няпроста.

IMG_0009
Напярэдадні Міжнароднага жаночага дня мы запыталіся ў Таццяны Сяргееўны, як ёй удаецца сумяшчаць працу і сям’ю.
– Па-мойму, шчасце любой жанчыны ў сямейным дабрабыце. Бо калі дома мір і любоў, то і на працы ўсё будзе спорыцца. Хачу шчыра павіншаваць усіх жанчын і пажадаць ім душэўнага цяпла, паразумення з калегамі і блізкімі, – адзначае Таццяна Рошчына.
На ферме пад яе кантролем больш за 1500 галоў буйной рагатай жывёлы. І нам застаецца толькі здзіўляцца, як яна спраўляецца з такой колькасцю. Аднак сёння няма мяжы жаночым здольнасцям, і мы, мужчыны, з кожным днём у гэтым толькі пераконваемся.
Раман ВЕЖНАВЕЦ.
Фота аўтара.