Прышчапляцца ад грыпу ці не? Хтосьці яшчэ разважае пра неабходнасць гэтай працэдуры, але многія, хто на сабе ўжо праверыў эфект у мінулым годзе, ведаюць адказ. Цяпер поўным ходам ідзе вакцынацыя насельніцтва. Ці ёсць карысць ад гэтага? Карэспандэнт «Авангарда» даведалася ў намесніка галоўнага ўрача па медыцынскаму абслугоўванню насельніцтва «Буда-Кашалёўскай цэнтральнай раённай бальніцы» Ганны Галыгі.

– У першую чаргу вакцынацыю варта праводзіць людзям з груп высокай рызыкі. Гэта дзеці ад 6 месяцаў да 3 гадоў, дзеці з 3-х гадоў і дарослыя з хранічнымі захворваннямі, асобы з паніжаным імунітэтам, асобы, старэйшыя за 65 гадоў, цяжарныя. Што тычыцца цяжарных, то на 2-3 семестры жанчыны абараняюць прышчэпкай не толькі сябе, але і сваё дзіця. Імунізавацца варта і тым, хто асабліва рызыкуе заразіцца. Гэта дзеці ад 3 да 6 гадоў, навучэнцы 6-16 гадоў, медыцынскія работнікі, асобы з устаноў з кругласутачным знаходжаннем дзяцей і дарослых, арнітолагі, работнікі птушкагадоўчых прадпрыемстваў, сферы бытавога абслугоўвання, устаноў адукацыі, гандлю і грамадскага харчавання, транспарту, – уводзіць у курс справы Ганна Валер’еўна.
Аднак аказваецца, у вакцынацыі ёсць і супрацьпаказанні. Яе нельга рабіць тым, у каго ёсць алергічная рэакцыя на курыны бялок і кампаненты вакцыны, гэтак жа пры высокай тэмпературы, пры наяўнасці вострага захворвання або абвастрэнні хранічнага. У гэтым выпадку працэдуру можна перанесці.
– У чым жа эфектыўнасць грыпозных вакцын? – пацікавілася я.
– Вакцыны супраць грыпу працягваюць заставацца асноўным сродкам прафілактыкі грыпу ў многіх краінах. Яны забяспечваюць 70-90-працэнтную абарону супраць клінічных праяў хваробы ў здаровых асоб. Сярэдняя працягласць абароны складае ад 4 да 6 месяцаў. Асноўнымі перавагамі вакцынацыі супраць грыпу з’яўляюцца: скарачэнне на 70% колькасці рабочых дзён, страчаных па хваробе, зніжэнне рызыкі развіцця пнеўманіі ў асоб з хранічнымі захворваннямі лёгкіх і сэрца, скарачэнне (патэнцыйна на 20%) частаты абвастрэнняў хранічнага бранхіту, якія назіраюцца пасля грыпу, і многае іншае, – адказала ўрач і дадала: – Варта заўважыць, што супрацьгрыпозны імунітэт, які выпрацаваўся ў мінулым годзе, не ўратуе ад грыпу ў гэтым. З-за бесперапыннай зменлівасці вірусаў грыпу кожную восень з’яўляецца зусім новы грып, ад якога не дапамагаюць леташнія прышчэпкі, таму кожны год трэба рабіць новыя. Калі прышчапляцца леташнімі вакцынамі, то эфектыўнасць вакцынацыі змяншаецца да 20-40%, замест 70-90%.
– Ці не позна яшчэ рабіць прышчэпкі? – здзівілася я.
– Вядома, пажадана прышчапляцца ў верасні-кастрычніку, але і цяпер яшчэ не позна. Вакцынацыя будзе праводзіцца яшчэ ўвесь лістапад. Імунізацыя доўжыцца ўсяго два тыдні, таму да прыходу грыпу яшчэ дастаткова часу, каб паспець зрабіць прышчэпку. У выпадку, калі 40% насельніцтва раёна будзе прышчэплена, верагоднасць распаўсюджвання грыпу зменшыцца, бо практычна ў кожнага другога жыхара будзе імунітэт да віруса, – растлумачыла Ганна Галыга.
Словам, магчымасць прайсці працэдуру ёсць ва ўсіх, у каго няма супрацьпаказанняў. І часу таксама досыць: да пачатку эпідсезона яшчэ ёсць месяц. А імунітэт развіваецца праз 2 тыдні пасля вакцынацыі і забяспечвае абарону ад захворвання на грып на працягу ажно 6 месяцаў. Дарэчы, не варта думаць, быццам леташняя прышчэпка вам дапаможа. Да гэтага часу ахоўныя целы ўжо разбураюцца. Акрамя таго, варыянты вірусаў грыпу, якія ўваходзяць у склад вакцын, штогод абнаўляюцца ў адпаведнасці з актуальнымі штамамі, рэкамендаванымі Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя.
Таццяна САВОНЧЫК.
Фота аўтара.