Згадзіцеся, паважаныя чытачы, вясна і першая палова лета ў гэтым годзе былі, мякка кажучы, непрадказальнымі. Заўчаснае цяпло рэзка змянілася  сапраўднай зімовай сцюжай, а  майскія замаразкі згубілі амаль усю будучую садавіну, нямала клопату нарабілі ў сельскай гаспадарцы. Відаць, не толькі чалавек, але і прырода  неабачліва даверылася небывалай лагоднасці першага вясновага месяца. Відавочна, як і шмат  гадоў таму назад мы, людзі, залежым ад капрызаў надвор’я не менш, чым нашы далёкія продкі. Усіх нечаканасцей не прадугледзець, нездарма Беларусь лічыцца зонай рызыкоўнага земляробства. І нешта мне падказвае, што змагацца няма сэнсу, другая справа – навучыцца жыць з ёю ў згодзе і быць гатовымі прыйсці адзін аднаму на дапамогу, як гэта ў свой час рабілі нашы дзяды і прадзеды.

З-за неспрыяльных метэаралагічных умоў былі ў свой час зрушаны срокі севу, адпаведна і паспявання ільну, а восеньскія дажджы не далі своечасова яго сабраць. Таму кіраўніцтвам Уваравіцкага ільнозавода было вырашана звярнуцца за дапамогай к працоўным калектывам не толькі Будакашалёўшчыны, але і абласнога цэнтра.

— Нам не хапіла літаральна 5 дзён. Калі б не дажджы, мы цалкам справіліся б сваімі сіламі. Зараз будзем вельмі рады і ўдзячны кожнаму, хто адгукнецца на наш заклік і дапаможа падняць лён, — расказаў дырэктар ільнозавода Дзмітрый Чубанаў.

Дарэчы,  дапамога ўжо прыйшла, але і працы зашмат. Суцяшае адно:  у бліжэйшы час сіноптыкі прагназуюць значнае пацяпленне і яснае надвор’е. Ёсць усе шанцы паспець падняць, прасушыць і сабраць лён. Калектыў рэдакцыі “Авангард” таксама далучыўся да ўсеагульнай справы. А я падумала, што вам будзе цікава даведацца аб асабістых уражаннях самай маладой нашай супрацоўніцы Алены Чэкан:

— Працую ў газеце другі месяц, але атрыманага за гэты час вопыту хопіць на год. Скажу шчыра, гэта лепшае, што магло са мной здарыцца! Кожны дзень не падобны на папярэдні. Чаго яшчэ жадаць? Мабыць, толькі ільну (смяецца). Не паверыце: гэта нават вельмі цікава. За школьныя гады я не раз выязджала на збор цыбулі, морквы, яблыкаў і цяпер не супраць набыць новы вопыт. Ды і пабываць у нефармальнай абстаноўцы з новым калектывам, спазнаць адзін аднаго лепей таксама вельмі карысна. А калі сур’ёзна, я лічу, што мы не павінны пазбягаць людзей, якія маюць патрэбу ў нашай дапамозе, бо калісьці дапамога можа спатрэбіцца і нам. Не варта забываць, што сельская гаспадарка нас корміць, і ў выпадку, калі яна зрэдку мае патрэбу ў нас, дапамагчы ёй — наш маральны абавязак.

Не ведаю, як вам, а, на мой погляд, гэтае дзяўчо мае рацыю. А яшчэ падумала: як мне пашанцавала … з маладым спецыялістам. Наш чалавек.

 

P.S. Запрашаем усіх ахвочых прыняць удзел у ільняной талацэ, а каб гэтая падзея засталася ў памяці надалей, згадзіцеся, не кожны дзень даводзіцца лён паднімаць, прапануем вам зрабіць сэлфі і даслаць на наш электронны адрас. Аўтары трох самых цікавых і крэатыўных фотаздымкаў, на погляд рэдакцыі, атрымаюць падпіску на “Авангард” на першае паўгоддзе.

З павагай, Ірына Палубец.

5 КОММЕНТАРИИ

  1. Отличная идея!!! В работе не нужно забывать и о развлечениях.

  2. Классный у газеты И.О.редактора:инициативный,со своей точкой зрения,смелый,близкий к народу,очень симпотичный.Хочется,чтобы она и дальше вела газету.Везде и всегда.