“Авангард” працягвае публікаваць вершы нашага земляка, вядомага беларускага пісьменніка Міколы Чарняўскага. На днях, 16 студзеня, ён адзначыць 75-гадовы юбілей. Калектыў рэдакцыі віншуе Мікалая Мікалаевіча і жадае творчага натхнення, радасці, згоды, моцнага здароў’я і, зразумела, новых вершаў.

Паэт Мікола ЧАРНЯЎСКІ нарадзіўся 16 сту-дзеня 1943 года ў вёсцы Буда Люшаўская Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці.
Скончыў Беліцкую СШ Рагачоўскага раёна, а ў 1966 годзе – вячэрняе аддзяленне філфака БДУ імя У.І. Леніна. Адначасова з вучобай ва ўніверсітэце працаваў у рэдакцыі газеты «Піянер Беларусі», рэдактарам зарубежнага вяшчання Беларускага радыё. З 1966 па 2007 – у рэдакцыях часопісаў «Бярозка» і «Вясёлка».
Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, Граматай Вярхоўнага Савета БССР. Выдатнік народнай асветы. Выдатнік друку Беларусі.
Першы верш «Васілёк» надрукаваны ў 1958 годзе ў газеце «Піянер Беларусі». Аўтар зборнікаў лірыкі, сатыры і гумару «Чалавечнасць», «Трывога», «Казёл-моднік», «І не косяць, і не жнуць…», «Камар на матацыкле», «Нашто бабе агарод», «Лёкса ў люксе», «У трох соснах…», «Прызба, альбо Смяяцца – не плакаць», многіх кніжак вершаў і прозы для дзяцей. Выдаваўся ў Расіі і Польшчы.
Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра, прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў галіне літаратуры, прэміі імя Васіля Віткі, Літаратурнай прэміі «Залаты Купідон».
Ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі, ганаровы грамадзянін Буда-Кашалёўскага раёна.

Мікола ЧАРНЯЎСКІ
Ёсць дзіва, адвечнае дзіва,
Яго спасцігаю змаля,
Бо гэтае дзіва –
Радзіма,
Маёй Беларусі зямля.
Зямля, што ў сувоях гасцінцаў,
У сінім паркалі азёр.
Мне выпала тут нарадзіцца,
Усцешыцца ласкаю зор.
Тут выпала першыя крокі
Зрабіць у нязведаны свет.
Тут выпала ўбачыць аблокі,
Вясновых садоў першацвет.
Тут выпала колісь спаткацца
З каханнем найпершым сваім…
Тут верыць вучыўся,
Здзіўляцца
Красой, хараством
трапяткім.
Тут словам, сябры,
прычасціўся
На мове душы і вякоў…
Дамогся чаго я ў жыцці –
ўсё
Ад ласкі й любові бацькоў.
Ёсць дзіва, крынічнае дзіва –
Радзіма мая і твая.
Тут выпіў да кроплі адзінай
Настой лугавінавы я.
О, як ён у жылах пульсуе,
Сумленню заснуць не дае:
То жаўранкам раннім вяснуе,
То мовай пушчанскай пяе,
То ў сэрца крынічкаю льецца,
Каб стала ў ім больш чысціні,
Той самай, якое, здаецца,
Паменела ў нашыя дні…
Ёсць дзіва,
Зямлі маёй дзіва –
Гняздуецца ў кронах дубоў.
І гэтае дзіва –
Радзіма,
І гэтае дзіва –
Любоў.
Яе не адменіш загадам,
Бо ў сэрцы карэнні яе,
Бусліным крылом па-над садам
Мне дні асвячае мае.

НА РОДНАЙ ЗЯМЛІ…
Ці роспач з тугой,
Ці слязінкі з вачэй
Хусціну гаркоты павяжуць,
На роднай зямлі,
Дзе б ні жыў ты,
Хутчэй
Іх кожны спагадна
заўважыць.
На роднай зямлі
І няміласць мілей,
Душа, як вуглі, не астыне,
Праменьчык
адзіны
Сагрэе цяплей,
Чым сонца
ўсё
На чужыне.

***
Па-над Будаю,
Па-над Ліпаю,
У нябёсах, у жніўнай цішы
Зоры ноч,
Як з сяўні, рассыпала
І ўтапіла ў прадонні душы.
А душа, бы ўтрапёная, леціцца
Ад цяпла, як ад ласкавых воч,
Ад каўша, што
ў Вялікай Мядзведзіцы
Да світання пазычыла ноч.
Мне б туды,
Дзе са сцежкай няўлоўнаю
Знік у жыце ўчарашні
мой след,
Поўню срэбную,
Як келіх поўную,
У далонях трымае Сусвет.
Мне б туды,
Дзе здзічэлаю грушкаю
Кут бацькоўскі ў сэрца
мне ўрос,
На арэлях маленства
разгушканы
Сад увесь
Ад камлёў да нябёс.
Мне б туды,
Дзе світаннямі золкімі
Пугай хлеб зарабляў ад вясны,
Дзе з драчамі ды перапёлкамі
Вечары забягалі ў сны.
Мне б туды,
Дзе ўзбалотак з дурнічнікам
Нас купаў у сваёй сіняве,
Нават росы
На досвітку знічкамі
Трапяталі-зіхцелі ў траве.
Мне б туды,
Дзе ў ласкавасці дзіўнай,
Слёз нямала аддаўшы вайне,
З першым крокам,
Як маці, радзіма
Прытуліла да сэрца мяне…
Па-над Будаю,
Па-над Ліпаю,
Не заспаўшы ўначы ў гасцях,
Сонца зоры,
Як росы, выпіла –
Заспяваў і зайграў прасцяг!
Пеўнем
Сонныя веснічкі ўскрыкнулі.
Толькі дзе ты, над хатаю дым?
Мне б туды,
Дзе ўсё роднае, звыклае,
Мне б іх зноў расчыніць,
Як тады…

* * *
Шаша пятляе праз лясы,
Брылькі прыпынкаў-станцый.
Варона,
Вераб’і,
Ласі –
На ёй, як на ружанцы.
Край Астравецкі поўны дзіў,
Яны – і ў назвах вёсак.
Даўнейшы час,
Што тут хадзіў,
Пакінуў адгалосак.
Мы ж едзем,
Дзівімся з акон,
І чым бліжэй, тым болей:
Варона –
Штосьці без варон,
Без гнёздаў іх таполі.
І там, дзе ўсплужана ралля,
Дзе шмат спажывы рознай,
Чамусь не бачу варання –
Абходчыкаў барознаў…
Дарогу вёў далей прасцяг
Лясіста-адзінокі.
Ласёў не ўбачылі ў Ласях –
Стаялі толькі знакі.
Няўжо далей ад тлумных трас
У госці падаліся,
А каб усцешыць згадкай нас,
У назве засталіся?
А ў Вераб’ях тых вераб’ёў
Злічыць на пальцах можна.
Няўжо да зерня хто падмёў
Двары ля хаты кожнай?
А можа, сходка сёння ў іх
На возеры любімым,
Што, усім наўздзіў,
З часоў былых
Завецца Вераб’іным?
Ці ля дарог няўседна ім? –
Тлум, грукат
Днём і ўночы.
Ці мо баяцца нам, чужым,
Паказвацца на вочы?..
Чаго б у думках ні насіў,
Рабі душой высновы.
Варона,
Вераб’і,
Ласі –
Куток, дзе грэюць словы.

***
Мо нехта скажа:
Ці не надта часта
Пяём хвалу зямлі
Сваёй змаля?..
Нас выпрабоўваў лёс,
Ды пакручаста.
А выратоўваў хто?
Зямля, зямля…
Яе ў абдымкі, родную, хапалі
Байцы, упаўшы,
У смяротны час:
Здавалася,
Матулю абдымалі,
Каб ёй шапнуць:
«Жывымі помні нас…»
Здавалася,
Яе цяпло сагрэе
І не такім халодным
будзе жвір,

Жыццё не сыдзе
ваганеткай з рэек,
Размытых сцёкам
Слёзаў і крыві.
Адплачуць іх
І маці, і нявесты,
Жаўрук над жытнім
полем адпяе.
Магчыма, стануць
Зніклымі без весткі
Для самых блізкіх,
Ды не для яе…
Мо нехта скажа:
Ці не надта звыкла
Пяём хвалу зямлі,
Бы ў звон той б’ём?
Няўжо былая любасць
Раптам знікла,
Не тут
Твае сляды,
Світанкі,
Дом?
Мо нехта скажа…
Не, браток, сардэчна
Я ёй спяваў
І зноў спяю не раз.
І не таму,
Што дасць спачын навечна,
За тое ўжо,
Што зараз носіць нас.

З ЕВАНГЕЛЛЯ
Слова роднае –
Крок ад парога.
Слова роднае –
Вечнасці след.
Слова роднае
Змалку – ад Бога,
Ад зямлі, што радзіла на свет.
Ёсць у нас неабсяжная ніва –
Слынных сейбітаў клопат
і плён.
Ты паслухай,
Прыгледзься рупліва,
Ты адбі гэтай ніве паклон –
І адчуеш,
Як выраслі крылы,
Як аблашчаны сонцам
ты стаў,
З дабрынёй
Сваю мудрасць і сілу
Кожны сейбіт
Табе перадаў.
Слова роднае,
Добра з табою
Жыць у згодзе, світанні
вітаць…
Хіба ж можна багацце такое,
Як той колас,
Нядбайна стаптаць?!
Разлівайся ад сэрца да сэрца,
Рассявай нашых думак
святло!..
Хіба суджана Слову памерці,
Што нам роднае
Змалку было?!