Мы пазнаёміліся 22 лютага 2011 года. У цягніку Гомель – Мінск, якім я адпраўляўся з Буда-Кашалёва ў сталіцу, маёй суседкай аказалася студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Таццяна Прышчэпава, якая таксама вярталася туды пасля наведвання бацькоў. З таго часу і пачалося наша творчае супрацоўніцтва.
Цяпер Таццяна Прышчэпава (Гулевіч) – аўтар кнігі казак “Апельсінавы настрой”, член Саюза пісьменнікаў Беларусі. З ёй – сённяшняя наша размова.

– Таццяна, надзвычай прыемна ўсведамляць, што ты – самая маладая пісьменніца з нас, будакашалёўцаў. Думаецца, чытачам “Авангарда” будзе цікава даведацца, як пачынаўся твой шлях у літаратуру. Магчыма, са школы? Дарэчы, якой ты была вучаніцай? І якія прадметы найбольш прываблівалі?
– Да творчасці я далучылася яшчэ ў дзіцячыя гады. У той час, як і цяпер, вельмі любіла маляваць і таму развівалася ў мастацкім кірунку, яшчэ не падазраючы, праўда, што стану пісьменніцай, схільнасць да літаратуры выявіцца ў мяне пазней.
Калі пайшла ў першы клас, то паставіла сабе задачу вучыцца на выдатна. Як сёння памятаю, прыйшла да мамы і сказала: «Абяцаю табе, што буду добра вучыцца». Жаданне дасягнуць чагосьці большага ў мяне зарадзілася ўжо тады. Спачатку ў вучобе, праўда, былі складанасці, бо мы вымушаныя былі з’ехаць на Віцебшчыну, і там, у Шаркаўшчыне, я вучылася ў беларускай школе. Многае было незразумелае, але паступова асвоіла мову – і з паспяховасцю ўсё наладзілася. Любімым прадметам, вядома, было маляванне. Мая настаўніца ўжо тады казала, што ў мяне ёсць здольнасці і іх абавязкова трэба развіваць. Гэта паўтарыла і маёй маме на развітанне, калі даведалася, што мы вырашылі вярнуцца на радзіму – у Буда-Кашалёва. І нават не падазравала, што яе словы ў далейшым паўплываюць на мой лёс.
У Буда-Кашалёве я пайшла ў школу №1. Мне пашанцавала на добрых настаўнікаў: геаграфію выкладала Кацярына Ігараўна Шафранская, хімію – Аляксандра Васільеўна Кавалёва, замежную мову – Сяргей Аркадзьевіч Кавалёў, якія ў свой час вучылі ў гэтай школе і маю маму. Прыемна было ўсведамляць, што мне не сорамна перад імі, бо, як і абяцала маме, вучылася я добра. Ды і да новых настаўнікаў прывыкла вельмі хутка. Кожны прадмет быў цікавы па-свойму, на ўроках заўсёды стваралася прыязная абстаноўка, дзякуючы чаму я схоплівала інфармацыю на ляту. Былі прадметы, якім аддавала перавагу: хімія і французская мова, але ўсё ж любоў да малявання заставалася на першым месцы. У гэты час я ўжо стварала не проста малюнкі, а і абстрактныя ілюстрацыі, закладваючы ў іх сэнс, які, праўда, бачыла і разумела адна я. Але ў тым, што змагу звязаць сваё жыццё з творчасцю, не была ўпэўненая, таму вырашыла, што стану лекарам, і пачала старанна вывучаць хімію і біялогію.
Але ў адзін выдатны дзень мая мама, праходзячы паўз школу мастацтваў, размешчаную недалёка ад нашага дома, раптам успомніла тыя самыя словы шаркаўшчынскай настаўніцы, што мае здольнасці трэба абавязкова развіваць. І ў гэты ж дзень запісала мяне ў школу мастацтваў (можа, гэта і быў якраз нейкі лёсавызначальны знак).
Так у восьмым (!) класе я пачала наведваць дадатковыя заняткі па маляванні і рыхтавацца да паступлення ў Гомельскае дзяржаўнае мастацкае вучылішча. І ўсё ж, нягледзячы на занятасць, знаходзіла час на ранейшае хобі: напісанне невялікіх казачак і вершаў.
– А чым запомніліся гады студэнцтва – у Гомелі, у Мінску?
– Як і марыла, я паступіла ў мастацкае вучылішча, але не на мастака, а на спецыяльнасць, якая была мне бліжэй па ўнутраных адчуваннях, – «дызайнер». У вучылішчы мне ўдалося павысіць свой творчы ўзровень, а таксама менавіта там упершыню даведаліся аб тым, што я пішу вершы. З таго часу мяне прасілі чытаць іх на розных мерапрыемствах.
Насычаным было студэнцкае жыццё і ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў у Мінску. Я люблю ўспамінаць гэты час. Бо творчы дух акадэміі не параўнаеш ні з чым. Даводзілася вельмі шмат працаваць, але пры гэтым я не адчувала стомленасці, бо займалася любімай справай. Акрамя гэтага, прымала ўдзел у розных семінарах і канферэнцыях, а ў вольную хвіліну працягвала пісаць, хоць часу практычна не заставалася. Будучы студэнткай акадэміі, пазнаёмілася і з вамі, Анатоль Мікалаевіч. Быць можа, калі б мы тады не селі ў Буда-Кашалёве ў адзін цягнік і я не аказалася вашай суседкай-спадарожніцай, то так бы і не даведалася, ёсць у мяне літаратурныя здольнасці ці няма. Бо менавіта вам упершыню я адважылася паказаць тое, што пішу. Памятаю, як хвалявалася, чакаючы вашай прафесійнай ацэнкі. І якая ж была мая радасць пачуць з вашых вуснаў пахвалу! Дзякуючы вам, вашай падтрымцы і веры ў мяне, я і насамрэч усур’ёз захапілася літаратурай. Тым больш, што вы мяне ўвесь час падганялі.
– Калі вярнуцца ў маленства, школьныя гады, што часцей за ўсё згадваецца? Якія яны, самыя яркія ўспаміны?
– З дзяцінства я расла спакойнай, сціплай дзяўчынкай. Такой сябе памятаю і ў школьныя гады. Мне заўсёды не хапала ўпэўненасці ў сабе. Ды аднойчы прапанавалі паўдзельнічаць у гульні КВЗ паміж школамі горада. І тады я зразумела, што гэта якраз і ёсць магчымасць перамагчы свае страхі і здабыць упэўненасць ва ўласных сілах. Разам з аднакласнікамі Дзіянай Домненкай і двума Сяргеямі – Халецкім і Пракопенкам мы два гады запар удзельнічалі ў гульні КВЗ. Аднойчы нават выйшлі пераможцамі і паехалі ў Гомель прадстаўляць раён на абласных спаборніцтвах.
Ды і ніводнае свята ў школе не абыходзілася без нашага ўдзелу. Мы займалі першыя месцы ў розных конкурсах, а часам на тым ці іншым мерапрыемстве я выступала і ў ролі вядучай. Але больш за ўсё мне запомнілася нашы дзве тэатральныя пастаноўкі – вадэвіля «Мікітаў лапаць» Міхася Чарота і камедыі «Паўлінка» Янкі Купалы, якія мы паставілі ў школе пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Наталлі Сяргееўны Зэкавай. Менавіта яна прывіла мне любоў да беларускай культуры, за што я ёй вельмі ўдзячная.
– Таццяна, ты – пісьменніца-казачніца. І казкі твае такія светлыя, добрыя. Адкуль чэрпаеш сюжэты? І тую дабрыню, якой прасякнуты ўсе твае казкі? Якое адчуванне зведала, калі ў “Выдавецкім доме “Звязда” выйшла кніга “Апельсінавы настрой”, калі стала членам Саюза пісьменнікаў Беларусі?
– Магчыма, так як я была звязана з мастацтвам, казкі з’яўляліся ў маім уяўленні як маляўнічыя карціны. Я глядзела на іх і спрабавала апісаць тое, што бачу. Спачатку гэта былі проста асобныя радкі-накіды, потым вырашыла паспрабаваць укласці ў іх павучальны сэнс. Мне не трэба было нічога прыдумляць, бо амаль усе сітуацыі я перажыла сама ці бачыла вакол сябе. На маім жыццёвым шляху сустракаліся як добрыя, так і дрэнныя людзі, але я не адчайвалася, заўсёды жыла з верай у лепшае, ставіла сабе мэты і дасягала іх. У складанай сітуацыі, вядома, мяне заўсёды падтрымлівалі бацькі. А часам руку дапамогі падаваў сам лёс у асобе добрага чалавека. Вось гэты сэнс я і закладваю ў сваіх казках.
Калі выйшла мая кніга «Апельсінавы настрой», я была вельмі шчаслівая, бо з’явілася магчымасць падзяліцца сваімі творамі з юнымі чытачамі. Вельмі хочацца, каб, чытаючы мае казкі, хлопчыкі і дзяўчынкі вучыліся, як калісьці і я ў маленстве, што ніколі не варта здавацца, трэба ўпэўнена ісці да сваёй мары і настойліва дабівацца яе здзяйснення. Спадзяюся, што дзеці ацэняць мае казкі і ў далейшым будуць чытаць іх сваім дзецям і ўнукам. Не меней радасная падзея для мяне – і ўступленне ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Гэта яшчэ адна сур’ёзная прыступка ў маім жыцці.
– Твае першыя казкі былі змешчаны ў часопісе “Вясёлка”. А вось у часопісе “Качели” яны выходзілі ў тваім жа афармленні. Можа, справа і да сур’ёзных мастацкіх палотнаў дойдзе? Не задумвалася? Тым больш, што наша Будакашалёўшчына, апроч пісьменнікаў, славіцца яшчэ і сваімі выдатнымі жывапісцамі: народным мастаком СССР Яўсеем Маісеенкам і народным мастаком Беларусі Віталем Цвіркам. Ды і твой уваравіцкі дзед, наколькі я ведаю, быў чалавекам не без мастацкіх задаткаў…
– Мастацкія здольнасці, пэўна, і насамрэч перадаліся мне ад дзядулі. Вось толькі я больш захапляюся дызайнам у сферы рэкламы, а стаць мастаком было яго марай. На жаль, з дзядулем мне не пашанцавала сустрэцца, бо гэтага дарагога для мяне чалавека не стала яшчэ да майго нараджэння. Затое пашчасціла ўбачыць яго творчасць. Ва ўваравіцкім доме, дзе жыў дзядуля, ім былі распісаны дзве сцяны: у гасцінай і на кухні. Я вельмі любіла глядзець на гэты роспіс і хацела навучыцца маляваць так, як дзядуля. Менавіта таму кожны раз, калі прыязджала да бабулі на канікулы, брала з сабой фарбы, садзілася перад карцінамі і старанна перамалёўвала іх. І заўважала, што з кожным разам атрымлівалася ўсё лепш і лепш. Але парад дзядулі мне ўсё ж не хапала. Ды і цяпер, думаю, яны б не пашкодзілі.
Тата распавядаў, што дзядуля пачаў маляваць яшчэ ў школьныя гады. У пятым класе, напрыклад, намаляваў партрэт «Ілля Мурамец» (гэтая карціна і па сёння захоўваецца ў нас як адзіная памяць пра дзядулю-мастака). А праз гады некаторыя свае працы ён адаслаў у Маскоўскае мастацкае вучылішча. І яго прынялі. Значыць, быў талент. Вось толькі вучыцца так далёка ад дому юнака не адпусцілі. На шчасце, мае бацькі заўсёды падтрымлівалі маё захапленне творчасцю. Зрэшты, мама некалі і сама пісала вершы.
– Пасля заканчэння Акадэміі мастацтваў ты была накіравана на “Пінскдрэў”. Якія ўспаміны засталіся пра працу на гэтым прадпрыемстве, вядомым не толькі ў Беларусі, але і па-за яе межамі? Чым ты там займалася?
– Акадэмію я пакідала з вялікім сумам. За пяць гадоў вучобы яна стала для мяне другой сям’ёй. Але не шкадую, што па размеркаванні трапіла на «Пінскдрэў». Хоць і прапрацавала там усяго два гады, але атрымала вялікі досвед. Мне пашанцавала не толькі з цікавай працай, але і з прыязным калектывам. Бо, як вядома, 50% поспеху ў творчасці – гэта спрыяльнае асяроддзе. На «Пінскдрэве» я пераважна займалася экспадызайнам: афармленнем выставачнага стэнда для прэзентацыі мэблі на выставах. Прымала ўдзел у найбуйнейшых міжнародных мэблевых выставах у Мінску, Маскве, іншых гарадах Расіі. У мае абавязкі ўваходзіла яшчэ і афармленне інтэр’еру фірменных крам нашага прадпрыемства як у Беларусі, так і за яе межамі. А калі выйшла замуж і нарадзіўся сын Багдан, вымушана была пакінуць Пінск і цяпер знахо-джуся ў дэкрэтным адпачынку ў Мінску.
– Ведаю, што гадуеш сына і, як кажуць, не да літаратуры. І ўсё ж – ці ёсць новыя сюжэты і з чаго яны нараджаюцца? Якія казкі чытала ў маленстве сама і якія чытаеш Багдану?
– Са з’яўленнем сына часу, безумоўна, стала не хапаць практычна ні на што. Бо сынок расце і хоча ўсё больш і больш пазнаваць гэты свет. Так што цяпер я цалкам пагружана ў яго выхаванне. Але, бывае, з’яўляецца хвілінка, каб запісаць хоць бы ідэі будучых казак, нават чатыры новыя напісала. Прыемна, што адна з іх, «Мастачка Восень», нядаўна была надрукавана ў газеце «Авангард». Вядома, сынок яшчэ зусім маленькі, і пакуль што я яму пераважна спяваю калыханкі. А калі трохі падрасце, буду, безумоўна, чытаць і казкі, бо перш-наперш дзіця адкрывае свет праз казку. З яе ён і пачынаецца.
У маленстве я вельмі любіла казкі і прачытала іх вялікую колькасць – і на рускай, і на беларускай мовах. Яшчэ тады думала, якія ж аўтары малайцы, што, распавядаючы пра розныя жыццёвыя сітуацыі, вучаць мяне з дзяцінства, як трэба паводзіць сябе ў тым ці іншым выпадку. Спадзяюся, што мой сынок, чытаючы казкі, у тым ліку і маміны, будзе таксама многаму вучыцца і верыць толькі ў лепшае. А можа, ён атрымае ў спадчыну маю захопленасць літаратурай, бо нарадзіўся ж на Дзень беларускага пісьменства. Ды і тата яго, Ян Гулевіч, чыё прозвішча нашу цяпер і я, таксама ў школьныя гады пісаў вершы, некаторыя з якіх, да прыкладу, «Беларусь» і «Мір», друкаваліся ў газеце «Авангард» у 2009 і 2010 гадах. А можа, Багдан вырашыць пайсці па слядах прадзеда і стане мастаком…
– Таццяна, а можна, адышоўшы ад творчасці, задаць табе, здавалася б, будзённае пытанне: што для цябе радзіма?
– Што для мяне радзіма? У першую чаргу гэта месца, дзе жывуць мае родныя і блізкія. Там, дзе мая сям’я. Я пабывала ў розных краінах, бачыла шмат прыгожых месцаў, але ўсё адно, прыязджаючы ў родны горад, зведваю адчуванне, што я дома, ад чаго на душы цяплей, бо менавіта тут цябе любяць і чакаюць.
Гутарыў Анатоль ЗЭКАЎ.

ШАРЫК ДАБРА
казка

У адным мястэчку на працягу многіх гадоў ладзілі вялікае свята пад назвай Дзень горада. На плошчы гучала вясёлая музыка, у шапіках можна было набыць розныя прысмакі. А яшчэ публіку забаўлялі цыркавыя блазны з рознакаляровымі шарыкамі ў руках. Дзеці разам з бацькамі спяшаліся на свята, каб убачыць гэтае дзейства на свае вочы.
Усе вакол весяліліся, ніводнае дзіця не заставалася без забавы. А ў падарунак бацькі куплялі сынам і дочкам паветраныя шарыкі.
Займеў такі шарык і Мікіта. Хлопчык вельмі ўзрадаваўся. Узяў яго за нітачку і, задраўшы галаву ўгору, з цікавасцю пазіраў, як той паволі ўзнімаецца ў неба. Шарык быў жоўты, і здавалася, што само сонейка выкацілася з-пад аблокаў.
Ды раптам Мікіта пачуў чыйсьці плач. Перавёў позірк з неба на зямлю і ўбачыў маленькую дзяўчынку, якая сядзела пад дрэвам і плакала. Хлопчык падышоў да яе і спытаў:
– Чаму плачаш? Ты згубілася?
– Не, не згубілася, – адказала дзяўчынка. – А плачу таму, што ў кожнага ёсць паветраны шарык, а ў маіх бацькоў няма магчымасці яго купіць.
Мікіта прысеў побач з дзяўчынкай і пачаў супакойваць яе:
– Не трэба плакаць! Хочаш, я падару табе свой шарык?
– А як жа ты? – выціраючы слёзы, спытала дзяўчынка. – Бо, калі падорыш мне, тады ў цябе не будзе шарыка.
– За мяне не хвалюйся! Галоўнае, што ты будзеш радавацца! – сказаў ёй з усмешкай Мікіта і, працягнуўшы шарык, спытаў:
– Цябе як клічуць?
– Сафія, – ціха прамовіла збянтэжаная ад такой неспадзяванкі і адначасова расчуленая дзяўчынка.
– А мяне Мікіта. Ну што ж, Сафія, трымай нітачку моцна, бо ў цябе зараз у руках Шарык Дабра, – урачыста абвясціў Мікіта.
– Шарык Дабра? – перапытала дзяўчынка.
– Менавіта, бо кожны добры ўчынак абавязкова нясе ў сабе дабро, – патлумачыў хлопчык.
Сафія ўсміхнулася, і яны разам пабеглі весяліцца.
З таго часу Сафія і Мікіта сталі сябрамі. І нават, калі падраслі, то ні разу не адмаўлялі адзін аднаму ў дапамозе.
А Шарык Дабра запомніўся Сафіі на ўсё жыццё. Бо менавіта тады, калі ёй было так сумна, з’явіўся хлопчык, які зрабіў для яе дабро. Хай гэта быў усяго толькі маленькі паветраны шарык, але дабра мала ніколі не бывае.
Таццяна
ПРЫШЧЭПАВА.