Што карыснага можа зрабіць звычайны жыхар для сваёй малой радзімы? Ці пад сілу будзе аднаму чалавеку дапамагчы яе развіццю? Для былой выпускніцы Бушаўскай сярэдняй школы Вольгі Гірыкавай адказ адназначны: было б жаданне, а магчымасць знойдзецца.

– У кожнага чалавека ёсць месца, дзе ён адчувае спакой і цеплыню. Для мяне гэтым месцам заўсёды заставалася родная школа, бо з ёю звязана занадта шмат прыемных успамінаў: мы з сябрамі ніколі не сядзелі на месцы, а настаўнікі дапамагалі нам арганізаваць вольны час. Таму, калі дырэктар Бушаўскай школы звярнулася да мяне з просьбай дапамагчы з рамонтам школы, я адразу згадзілася. Прызнаюся, высокіх мэтаў перад сабой не ставіла, але і ўявіць не магла, што справа гэта мяне так зацікавіць, – падзялілася Вольга.

Пры размове з нашай субяседніцай няцяжка заўважыць шчырасць і дабрыню ў яе вачах. Нядзіўна, што яна змагла аб’яднаць вакол сябе нераўнадушных людзей, якія таксама не адказваюць у дапамозе. Пасільны ўклад уносіць і брат Вольгі. Такім чынам, на сённяшні дзень ужо зроблены ганак, дах, столя ў кабінетах і часткова фасад будынка.

– Нам дапамагае і кіраўнік фермерскай гаспадаркі Валерый Нікіценка, – распавядае дырэктар школы Кацярына Кавалёва. – Ён пастаўляе школе матэрыял, а Вольга займаецца рамонтам. Калі трэба нешта паправіць, я адразу звяртаюся толькі да яе, бо ведаю, яна зробіць усё якасна і своечасова. Не памылюся, калі скажу: яна на ўсе рукі майстар. Гэта вялікая ўдача мець такіх добразычлівых і бескарыслівых людзей побач.
Жаданне дапамагчы сыграла немалаважную ролю ў жыцці Вольгі. З цягам часу яна вырашыла стаць індывідуальным прадпрымальнікам. І падштурхнула яе зрабіць гэты крок дырэктар школы, з якой яна пасябравала за час рамонту.

– Я заўсёды ведала, што маю лідарскія якасці: мне вельмі лёгка ўдаецца размяркоўваць працу, што спрыяе яе паспяховаму выкананню. Аб індывідуальным прадпрымальніцтве задумвалася даўно. Дзякуючы настойлівай парадзе Кацярыны Кавалёвай я здзейсніла сваю мару. І не пашкадавала, – падзялілася субяседніца.
Больш таго, на гэтым дапамога сваёй малой радзіме не заканчваецца: далей Вольга плануе на ўласныя грошы ўстанавіць крыж на ўездзе ў вёску.

– Гэтую ідэю мне падала бабуля. І я пагадзілася, бо амаль што кожная вёска мае такі крыж, а ў нашай няма. Ужо збіраю неабходные дакументы, таму хутка крыж зойме сваё месца.

Цікава заўважыць, што наша гераіня, акрамя ўсяго вышэйпералічанага, захапляецца ігрой на гітары. У свой час яна вучылася ў школе Алімпійскага рэзерву, займалася цяжкай атлетыкай. Падчас вучобы Вольга і атрымала шмат узнагарод па армрэстлінгу, тэнісу і лыжах. Дарэчы, яна і матацыкламі захапляецца: напрыклад, з двух няспраўных можа зрабіць адзін спраўны.

Прыемна адзначыць, што такія людзі нарадзіліся і засталіся жыць на сваёй малой радзіме, а таксама прымаюць удзел у яе развіцці. Застаецца пажадаць Вользе поспехаў у працы і ў сваіх творчых пачынаннях.

Алена ЧЭКАН. Фота аўтара.