Ці добра вы ведаеце сваіх суседзяў, з якімі побач жывяце? Як часта гарадскія жыхары на гэта пытанне адказваюць, махнуўшы рукой, маўляў, якія там суседзі пры такім хуткаплынным рытме жыцця. У вёсцы ўсё наадварот. Тут усе адзін у аднаго навідавоку.

Сям’ю Мікалая і Надзеі Старавойтавых, сваіх суседзяў у роднай вёсцы Сінічына, ведаю з самага дзяцінства. Яны аднагодкі маіх бацькоў, а мы з іх дзецьмі разам хадзілі ў школу, разам праводзілі юнацкія гады. Сям’я працавітая, сціплая, усё жыццё рабілі ў мясцовым калгасе. Выгадавалі чацвёра дзяцей – траіх хлопчыкаў і адну дзяўчынку. Усіх вывучылі, пажанілі. Зараз ужо радуюцца поспехам унукаў, а іх у Мікалая Гаўрылавіча і Надзеі Рыгораўны восем. І праўнукаў дачакаліся, дзевяць маюць. А жыццё вялікае пракрочылі: Старавойтавы разам 60 год. Дыяментавае вяселле адзначылі ў мінулым годзе. Жонка Мікалая Гаўрылавіча не мясцовая: Надзея Рыгораўна – расіянка, родам з вёскі Кулагі Суражскага раёна Бранскай вобласці. А зусім нядаўна я даведалася пра цікавую гісторыю спаткання гэтай сямейнай пары. А было ўсё так.
Малады сінічынскі хлопец Мікалай трапляе служыць у ваенную вартаўнічую часць горада Яраслаўля. Адслужыў паспяхова прызначаныя гады, надышоў час дэмабілізацыі. Прызадумаўся салдат: ці дадому вяртацца, ці паехаць куды падзарабіць грошай. Былі тады пяцідзясятыя гады, жылі беднавата. А газеты стракацелі аб’явамі: дэмабілізаваных запрашалі на працу і на Данбас, і на Кузбас, і ўсюды абяцалі добрыя заробкі. Цэлы вечар наш зямляк выбіраў сабе месца, куды паехаць, ды так і не рашыў. Стомлены, моцна заснуў. І прысніўся салдату сон: быццам бы ляжыць ён на зямлі, а над галавой сонца свеціць, і так далёка яно ў небе ад яго. А калі прачнуўся, успомніў свой сон і зразумеў, што гэта падказка для яго: далёкае сонца – Далёкі Усход. Туды Мікалай і паехаў. Уладкаваўся працаваць на шлакаблочны завод, дзе і сустрэў свой лёс – прыгажуню Надзею. Нездарма, выходзіць, сон такі сасніўся. Пакахалі адзін аднаго беларус Мікалай і расіянка Надзея, у 1957 годзе справілі там сціплае вяселле. Але любімая вёсачка Сінічына клікала Мікалая Гаўрылавіча да сябе. Пасля нараджэння першага сына сям’я Старавойтавых пераехала на радзіму мужа. Тут, на Бацькаўшчыне, на заробленыя грошы пабудавалі сабе новую прасторную хату, у якой жывуць і зараз. Так руская дзяўчына стала нашай беларускай сінічынскай жыхаркай. І, здаецца, руская яна ў нашай вёсцы адна. Але пра гэта мала хто цяпер і ведае, бо расіяначку сінічынцы даўно ўжо лічаць сваёй.
Надзеі Рыгораўне ідзе 86 год, Мікалай Гаўрылавіч у чэрвені адзначыць свой 85-гадовы юбілей. Але яны яшчэ бадзёрыя, вясёлыя і працавітыя. У гаспадарцы трымаюць каня, адзінага на ўсю вуліцу Зарэчную. Дапамагаюць дзецям, унукам, чакаюць у госці і праўнукаў. А калі ўся вялікая сям’я збіраецца разам, атрымліваецца цэлае застолле. А мае героі гэтаму толькі радуюцца, бо дзеля гэтага яны і жывуць.
Людзміла СТАХАВЕЦ.
Фота аўтара.