У даўнія часы лічылася, што дзядуля – гэта самы паважаны чалавек у сям’і, на ім ляжыць функцыя па захаванні і перадачы сямейнай гісторыі і сямейных традыцый. Сваім прыкладам ён паказвае, што значыць быць заступнікам, памочнікам і апорай для сваіх родных. Сучасныя дзядулі – якія яны? Пра гэта нам расказалі ўдзельнікі рэгіянальнага фестывалю-конкурсу “СуперДЗЯДУЛЯ-2018”.

За званне супердзядулі змагаліся 6 самых актыўных дзядуль з Буда-Кашалёўскага, Чачэрскага, Кармянскага, Веткаўскага, Жлобінскага і Рагачоўскага раёнаў. Трэба адзначыць, што з усімі заданнямі яны справіліся на выдатна. Насычанае жыццё, вялікі вопыт, мноства дасягненняў – усё гэта прымусіла гледачоў з вялікай цікавасцю сачыць за ходам конкурсу. Так, напрыклад, у час візітнай карткі ўдзельнікі са сцэны чыталі вершы, спявалі песні ўласнага сачынення, гралі на гітары. А потым усе разам паказалі сваё майстэрства ў інтэлектуальным і кулінарным конкурсах.

І хоць удзельнікаў было няшмат, канкурэнцыя была вельмі моцнай, бо ўсе канкурсанты аказаліся творчымі, актыўнымі, спартыўнымі і эрудзіраванымі людзьмі. Аднак гэта не перашкодзіла Аляксандру Валюшэнку (г. Буда-Кашалёва) быць лепшым у намінацыі “Самы вясёлы”, Віталю Котаву (г. Рагачоў) у намінацыі “Самы крэатыўны”. “Самым абаяльным” стаў канкурсант са Жлобіна Мікалай Брушкоў. “Самы разумны” ўдзельнік конкурсу Юрый Грынько жыве ў Карме, а самы артыстычны Аляксандр Брагін – у Чачэрску. Пераможцам у агульным заліку і ўладальнікам звання “СуперДЗЯДУЛЯ-2018” стаў Павел Рослікаў.

Алена ЧЭКАН.

Фота аўтара.