З сям’і пачынаецца жыццё чалавека, тут адбываецца фарміраванне яго як грамадзяніна. Сям’я – тое, без чаго не можа існаваць чалавек. Каб яшчэ раз напомніць пра гэта, існуе свята “Дзень сям’і”, якое штогод адзначаецца 15 мая. Карэспандэнт “Авангарда” пацікавіўся ў жыхароў нашага раёна, што значыць сям’я ў іх жыцці.

Людміла ВАРАБ’ЁВА, пенсіянерка:


– Сваю сям’ю вельмі люблю. З мужам мы ўжо 22 гады разам, але і зараз ён, як і раней, вельмі ўважлівы і клапатлівы. Ёсць у нас дачка, працуе ў школе. Мы з мужам ёю вельмі ганарымся. А ўвогуле, я лічу, што свята гэта можна арганізоўваць для сябе не адзін раз у год, а часцей, бо, каб захаваць сям’ю, трэба нагадваць адзін аднаму, як моцна мы кахаем і паважаем.

Яўген ВОЛКАЎ, механізатар:


– У мяне вялікая сям’я: я, жонка і трое дачок. Час з імі праводжу кожны дзень, нават калі моцна стамляюся на працы. Лічу, што сям’я такая і павінна быць. Сам я, напрыклад, вырас у сям’і, дзе было пяцёра дзяцей. Мы заўсёды разам бавілі час, а калі патрэбна, дапамагалі адзін аднаму, падтрымлівалі.

Аліна САПЛІЦКАЯ, вучаніца 11 класа:


– Лічу, што сям’я – гэта невялікая дзяржава, дзе галоўныя бацька з маці, а дзеці іх абавязкова слухаюцца. Між тым, нельга выключаць любоў і павагу адзін да аднаго. У мяне, напрыклад, ёсць малодшыя брат і сястра, дарэчы, ёй яшчэ няма і годзіка. Мы з братам дапамагаем бацькам яе гадаваць, праводзім шмат часу разам. Гэта робіць нашу сям’ю больш дружнай і моцнай. На маю думку, кожная сям’я павінна быць менавіта такой.
Алена ЧЭКАН.
Фота аўтара.