Адчуваць кадр

Большасць з нас любіць фатаграфаваць. Гэты працэс прафесіяналы называюць палётам творчасці, свабоды і рамантыкі. Але не ўсе маюць талент па-сапраўднаму адчуваць і бачыць кадр. Да іх ліку, бясспрэчна, адносіцца герой нашага артыкула – малады фатограф-аматар Дзяніс Давыдзенка. Пацвярджэннем гэтаму служаць яго маляўнічыя пейзажы, фота раслін, жывёл і нават насякомых, якія ўжо заслужылі шэраг станоўчых водгукаў.
Нарадзіўся і вырас Дзяніс у Гомелі, аднак лёс склаўся так, што малады чалавек вырашыў пераехаць у наш раён. Зараз Дзяніс ужо 6 год працуе начальнікам ачышчальных збудаванняў на прадпрыемстве РУП “Беларуснафта-Асобіна”. На працы яго цэняць і паважаюць не толькі як адказнага работніка, але і вельмі актыўнага ўдзельніка мерапрыемстваў і турзлётаў. Сёння нам хочацца расказаць пра яго любімы занятак – фатаграфію.
– Жаданне стаць фатографам у мяне ўзнікла яшчэ ў 14 гадоў, калі бацькі купілі першы плёнкавы фотаапарат. Менавіта тады, зрабіўшы першыя здымкі, я захапіўся гэтай ідэяй. Праз нейкі час сталі вельмі модныя лічбавыя фотаапараты, але я не адмовіўся ад свайго, бо лічыў, што ён дае значна вышэйшую якасць здымкаў. Канешне, купляць плёнку, потым праяўляць фотаздымкі – справа не танная, і мне прыйшлося набыць сучасны фотаапарат.
У той жа час Дзяніс захапіўся і камп’ютарным праграмаваннем. На першы погляд, гэта дзве вельмі розныя сферы, але ж у выніку яно дапамагло развіць талент фатографа. Згадзіцеся, злавіць момант, пабудаваць кадр і выбраць адпаведныя настройкі вельмі важна, але, каб здымак атрымаўся якасным і прыцягнуў увагу да сябе, яго трэба яшчэ і апрацаваць. Ведаючы асновы фоташопа, у Дзяніса атрымліваецца ствараць сапраўды цудоўныя фотаздымкі.
– Часам сябры просяць пафатаграфаваць іх на мерапрыемствах ці днях нараджэння, і я не адмаўляю, бо ў любым выпадку вопыт ніколі не бывае лішнім. Праўда, больш усяго мне падабаецца фатаграфаваць прыроду. Ёсць кадры, якімі я сапраўды ганаруся і лічу лепшымі ў сваёй калекцыі, – зазначае Дзяніс.
Некалькі стагоддзяў таму людзі прыдумалі дзіўны спосаб спыняць час – фатаграфію. Менавіта яна дазваляе захаваць шчаслівыя моманты і прыгожыя мясціны. Дзяніс, будучы сталым фатографам, ужо як чараўнік здольны не толькі злавіць патрэбнае імгненне, але і зрабіць гэта па-майстэрску.

Алена Чэкан.

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here