У ноч з 7 на 8 ліпеня жыхары гарадскога пасёлка Уваравічы адзначалі адно з найстарадаўнейшых народных свят, прысвечаных сонцу і росквіту зямлі, – Купалле.

Дзеянне разгарнулася на пляцоўцы каля гарадскога дома культуры. Удзельнікамі свята сталі амаль што ўсе жыхары пасёлка ад мала да вяліка, бо яшчэ нашы продкі верылі, што толькі ўсеагульнае выкананне абрадаў забяспечвае жыццёвы дабрабыт.

Але ж народныя прыпеўкі і песні-зазывалкі ў выкананні мясцовых жыхароў пачалі гучаць яшчэ да пачатку мерапрыемства.

На Купалле ўвараўчане  праводзілі шмат сімвалічных абрадаў. Адным з самых галоўных стала надзіву велізарнае купальскае вогнішча, вакол якога людзі зрабілі карагод, а самыя мужныя спрабавалі праз яго праскочыць.

Шыкоўным выкананнем народных песен парадаваў ансамбль “Увараўчанка” і маленькая салістка Варвара Бажок. Сапраўднае тэатралізаванае прадстаўленне падаравалі гледачам работнікі дома культуры, якія прадсталі перад слухачамі ў самых розных абліччах.

На плошчы працавалі гандлёвыя рады. Для дзяцей прадавалі цацкі, шарыкі, але ж уся іх увага была накіравана на батуты, на якіх яны забаўляліся без супынення. Сваё шчасце можна было выпрабаваць у латарэі, у якой была магчымасць атрымаць сімвалічныя прызы.

Падрыхтавала Алеся ЖАРЫНА.