У працяг нашага падарожжа па Будакашалёўшчыне, прысвечанага Году малой радзімы, прапануем вам пазнаёміцца з асаблівасцямі рагінскай тэрыторыі.

Гісторыя і легенды
Па пісьмовых крыніцах цэнтр сельсавета – аграгарадок Рагінь –вядомы з XVI стагоддзя як вёска ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. У 1816 годзе з’яўляўся валоданнем Дзерналовічаў. У 1845-м памешчык С.В. Дзерналовіч меў 5012 дзесяцін зямлі, вадзяны млын, сукнавальню і карчму. У 1848-м – валоданне памешчыцы Е. Быкоўскай. У 1863 годзе ўзведзены будынак, пачаліся заняткі ў народным вучылішчы. Працавала сукнавальня.
У снежні 1917 года ў сяло ўварваліся каля 200 улан польскага корпуса І.Р. Доўбар-Мусніцкага. Для барацьбы суп-раць інтэрвентаў быў створаны мясцовы баявы атрад (начальнік К.Р. Новікаў). У пачатку 1920-х гадоў у фальварку арганізаваны калгас «Чырвоны сцяг», а пазней – саўгас «Рагінь».
У 1930 годзе арганізаваны калгас «Улада Саветаў», меліся вінакурня, торфараспрацовачная арцель, нафтавы млын, 2 кузні, сталярная майстэрня, масласыраварня, лекарскі ўчастак, хата-чытальня. У 1938-58 гг. працавала МТС. У час Вялікай Айчыннай вайны тэхніка МТС і абсталяванне спіртзавода былі эвакуіраваны ў савецкі тыл. У лістападзе 1943 у баях за вызваленне вёскі загінулі 301 савецкі салдат і 3 партызаны (пахаваны ў брацкай магіле каля школы). На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 332 землякі. У памяць аб загінуўшых у 1962 годзе ў цэнтры вёскі ўстаноўлена скульптурная група.
Існуе некалькі легенд пра паходжанне назвы населенага пункта. Адну з іх расказала Марына Яўменаўна Чарнякова, 1898 года нараджэння:
«Больш за 200 гадоў таму служылі ў царскай арміі па 25 гадоў. Цяжкай была гэта служба. Нямала было выпадкаў, калі рэкруты ўцякалі. Нярэдка яны траплялі ў нашы лясістыя месцы і хаваліся тут. Побач ішоў шлях з Рагачоўскага павета на Гомель, яго называлі Кацярынінскім трактам. Каб жыць, рэкруты выходзілі на дарогу і займаліся рабаўніцтвам. Так і жылі. Гэта было даўно, калі яшчэ была Рэч Паспалітая. Вось у той час адзін рэкрут вырашыў стаць тут гаспадаром. Выкарчаваў лес, пабудаваўся, заняўся гаспадаркай, хадзіў на паляванне. Потым прыручыў дзікіх коз, стаў іх разводзіць, а з іх рагоў вырабляць прыгожыя рэчы і прадаваць. Сяляне пра яго казалі: «Марцыца сваёй бабе гне рогі». Ад гэтага і вёска стала называцца Рагінь».
За часткай дарогі, што злучае Рагінь, Лозаў і Царкоўе, замацавалася назва Кацярынінскі шлях. Рагінскі старажыл Аляксей Цімафеевіч Іваноў распавядаў, што даўно, яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны, уздоўж дарогі стаялі старыя тоўстыя бярозы, у народзе іх называлі «кацярынінскімі». У XVIII стагоддзі імператрыца Кацярына II загадала пасадзіць уздоўж дарог алеі з бяроз. Дрэвы былі высечаны ў час Вялікай Айчыннай вайны немцамі: гітлераўцы вельмі баяліся партызан.
Цікавая легенда звязана таксама з ракой Чачора, что працякае праз яшчэ адзін даволі буйны населены пункт Рагінскага сельсавета – вёску Дзербічы.
…Адзін раз па вузкай лясной рэчцы плыў багаты князь са сваёй дружынай. Разам з ім была і яго адзіная дачка, так як жонка загінула ад варожай стралы падчас аблогі радавога замка яшчэ тады, калі князёўна толькі пачала хадзіць. Плылі яны ўжо не першы дзень, імкнуліся патрапіць у Сож, а адтуль – у магутны Днепр, які вынес бы іх прама да Кіева, а потым і далей – «у грэкі». Бачыў князь, бачылі яго дружыннікі, якая прыгажосць вакол, што край гэты вольны, нікім пакуль не заселены. А якое цудоўнае жыццё чакала б іх тут! І навошта шукаць нейкія прыгоды, якія невядома чым могуць скончыцца, калі ўсё неабходнае для існавання ёсць тут?.. І князёўна пачала сумаваць. Мабыць, ёй таксама не вельмі хацелася плыць у невядомую далеч. Падышла яна да сівога князя і ціха спытала: «Бацька, а навошта нам з’язджаць з гэтага краю? Глядзі, якая прыгажосць! Якая рэчка! Усё роўна як цяцера, што распусціць крылы і хвост, разъюшыцца, а потым таксама супакоіцца… Давай тут і застанемся».
Суровы воін, аб нечым задумаўшыся, нечакана ўсміхнуўся: «Кажаш, рака, як цяцера… Цяцерка… вось і імя ёй! А можа і сапраўды тут спыніцца?.. Ну што ж, калі ты так просіш, то і я не супраць…» І загадаў прыстаць да берага насупраць гары. З тых часоў і пайшла назва рэчкі – Цяцера ды Цяцера, потым Чачэрай стала, а цяпер Чачорай.

Землякі
У Рагіні нарадзіліся Героі Сацыялістычнай Працы Іван Ігнатавіч Дзяржынскі і Васіль Аляксеевіч Жукаў.
Іван Ігнатавіч Дзяржынскі нарадзіўся ў 1925 годзе ў сялянскай сям’і. Удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне ў складзе партызанскага атрада. У 1943 пасля вызвалення Гомельскай вобласці быў прызваны на фронт. Пасля вайны скончыў у Маскве курсы савецкіх работнікаў і лічыльна-фінансавыя курсы, пасля чаго працаваў галоўным бухгалтарам на спіртзаводе ў вёсцы Яхімоўшчына. Скончыў вячэрнюю школу ў вёсцы Палачаны. Пазней быў прызначаны дырэктарам стратнага саўгаса «Яхімоўшчына» Маладзечанскага раёна.
У 1972 годзе саўгас сабраў у сярэднім па 40 цэнтнераў збожжавых з гектара. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 12 снежня 1973 года за вялікія поспехі, дасягнутыя ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве, і праяўленую працоўную доблесць у выкананні абавязацельстваў па павелічэнні вытворчасці і продажу дзяржаве збожжа, бульбы, цукровых буракоў і іншых прадуктаў земляробства ў 1973 годзе ўдастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат». Таксама ўдастоены ордэна Чырвонай Зоркі і медаля «За адвагу». Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларускай ССР.
Васіль Аляксеевіч Жукаў нарадзіўся ў 1928 годзе. З 1961 года быў звеннявым бульбаводчага звяна, з 1977 – трактарыстам саўгаса «Рагінь» Буда-Кашалёўскага раёна. Званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена ў 1966 годзе за поспехі ў павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак бульбы. З 1967 па 1971 год з’яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. На цэнтральнай плошчы райцэнтра размешчаны стэнд-галерэя «Нашы героі». Двое з іх – Васіль Аляксеевіч Жукаў і яго вучань Уладзімір Міхайлавіч Кірыленка, абодва з саўгаса «Рагінь».

Свята-Нікольскі храм


Прыход храма Мікалая Цуда-творца дзейнічае ў Рагіні з 2008 года. Задоўга да гэтага ў населеным пункце была драўляная царква. На ўсе святы сюды прыходзілі людзі з навакольных вёсак. У трыццатыя гады мінулага стагоддзя храм быў закрыты і разбураны. Да нядаўняга часу на тым месцы быў пустыр. Казалі, што ад падмурка старой царквы застаўся толькі адзін камень. Напалову ўрослы ў зямлю, ён быў скрыты ад людскіх вачэй.
Аднак знайшліся тыя, хто выступіў з ідэяй адрадзіць на мінуўшым месцы старую царкву. Думка ўпершыню была агучана ў 2013 годзе на вечары-сустрэчы выпускнікоў Рагінскай школы, прымеркаваным да 150-годдзя ўстановы адукацыі. Менавіта тады ўзнікла ідэя пабудаваць на месцы разбуранай царквы новы будынак. Ініцыятарам і адным з тых, хто зараз фінансуе праект і суправаджае яго з самага пачатку, з’яўляецца Віктар Узлоў. Ідэю падтрымалі: быў адкрыты рахунак, разгарнулася будоўля. І вось не прайшло і пяці гадоў, як побач са школай заззялі купалы Свята-Нікольскага храма. А ў чэрвені гэтага года ў Рагіні адбыўся дабрачынны канцэрт, сабраныя сродкі ад якога былі накіраваны на завяршэнне будаўніцтва храма свяціцеля Мікалая Цудатворца ў аграгарадку.

Самаходы
У канцы XIX стагоддзя шмат беларускіх сем’яў з’ехала ў Сібір у пошуках лепшай долі. Сёння нашчадкі тых перасяленцаў прыязджаюць на малую радзіму, каб падыхаць тым жа паветрам, якім дыхалі іх продкі.
У мінулым годзе беларусы з Сібіры пераадолелі больш за 3,5 тысячы кіламетраў, каб пабываць на зямлі продкаў у нашым раёне: у чэрвені ў Рагіні гасцявалі нашчадкі сялянскіх перасяленцаў, якія ў канцы XIX стагоддзя з прычыны малазямелля выехалі ў Сібір і заснавалі ў Цюменскай вобласці вёскі Ермакі, Асінаўка і Ялоўка.
За беларусамі ў Сібіры замацавалася назва «самаходы». Яны ідэнтыфікуюць сябе як беларусы, захавалі многія традыцыйныя абрады і багатую фальклорную спадчыну. З Ермакоў у Рагінь прыбыла дэлегацыя з 11 чалавек. На зямлі продкаў сібіракі наведалі музеі, могілкі, далі канцэрты, арганізавалі сумеснае свята на Сёмуху, абмеркавалі радаводы, пажылі ў беларускіх сем’ях. У храма, які будуецца ў Рагіні, сібіракі заклалі зямлю, прывезеную з Ермакоў.
Дарэчы, акрамя беларускіх слоў і звычак, жыхары Ермакоў захавалі старадаўні рэцэпт піва, які прывезлі з сабой у тайгу іх прадзеды. Піва варылі ў Рагіні, але там яго рэцэпт страцілі, а ў Сібіры здолелі захаваць. За некалькі дзён на Будакашалёўшчыне ермакоўцы паспелі зварыць гэты ўнікальны напой і пачаставаць ім землякоў.

Лозаўскі бой


Лес паблізу вёскі Лозаў Рагінскага сельсавета дарагі ўспамінамі аб цяжкіх баях, якія адбываліся тут у гады Вялікай Айчыннай. Зялёная сцяна была родным домам партызан. Лес карміў іх, паіў, ацяпляў і лячыў.
Вясною 1943 года вялікія і адчувальныя страты прымусілі нямецкае камандаванне праводзіць меры супраць партызан: любой цаной знішчыць партызанскія атрады. У красавіку 10-я Жукоўская партызанская брыгада, у якую ўваходзіў атрад пад камандаваннем Пятра Яфрэмавіча Мацюшкова, на працягу 18 гадзін вяла бітву, якая ўвайшла ў гісторыю партызанскай вайны ў Беларусі як Лозаўскі бой. Як жа гэта было?
Партызанская разведка вызначыла сілы праціўніка. Аказалася, што ў склад карнай экспедыцыі ўваходзіў полк рэгулярнай арміі, сілы якога сканцэнтраваліся ў Мяркулавічах, Крыўску, Серабранцы, Гадзілавічах і Доўску. Акрамя таго, 800 карнікаў знаходзіліся ў Дзербічах. Агульная іх колькасць перавысіла 5000 чалавек. У распараджэнні яны мелі артылерыю, бронемашыны, карабіны, 96 кулямётаў, 68 аўтаматаў, 2101 вінтоўку, 24 мінамёты.
Партызаны замініравалі лясную дарогу, якая ішла з Лозава да Стоўпні, 8 атрадаў занялі пазіцыі, усталявалі гарматы і мінамёты. У тры гадзіны ночы 29 красавіка разведка данесла, што карнікі падцягнулі свае сілы да вёсак Зорка, Раманаўка, Малінаўка, Лозаў, Царкоўе, Рагінь, Любань, Негаўка. Партызаны былі акружаны з усіх бакоў.
У 9 гадзін раніцы пачаўся бой, атрад заняў абарону. Вораг адкрыў ураганны артылерыйска-мінамётны агонь, а затым пусціў у атаку кавалерыю. Пасля гэтага рынулася пяхота. Але партызаны не завагаліся, разбіўшы саперніка шквальным ружэйна-кулямётным і мінамётным агнём. Вораг, бачачы ўпартае супраціўленне партызан і велізарныя страты ў жывой сіле, кінуў на дапамогу танкі і бронемашыны. Аднак і гэта не спалохала абаронцаў нашай Радзімы.
Усе атакі праціўніка былі адбітыя з вялікімі для яго стратамі. Але к вечару, дачакаўшыся папаўнення, гітлераўскае камандаванне арганізавала чарговы наступ з усходняга боку вёскі Лозаў, аднак і яно скончылася правалам. Праціўнік распачаў шэраг паўторных нападаў, кідаючы ў бой усё новыя рэзервы на пазіцыі 263-га атрада імя Міхаіла Іларыёнавіча Кутузава. Боепрыпасы былі на зыходзе, а да немцаў ішлі ўсё новыя і новыя падмацаванні. Аднак гітлераўцы неслі вялікія страты, таму былі вымушаны спыніць наступленне.
У той знакамітай бітве акупанты страцілі больш за 600 чалавек і шмат баявой тэхнікі. Сярод партызан каля 30 загінулі і больш за 40 былі параненыя.
Падрыхтавала Марына ЛУСЕВІЧ.
Фота аўтара і Ірыны Палубец.