У чарговым выпуску «Авангарда» расказваем пра гісторыю Акцябрскага сельсавета.

Легенды і паданні

Выяўлены археолагамі курганны могільнік з 9 насыпаў на паўночна-ўсходняй ускраіне аграгарадка Акцябр сведчыць аб засяленні тутэйшых месцаў з даўніх часоў. Сучасная вёска заснавана ў пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя перасяленцамі з суседніх населеных пунктаў на былых памешчыцкіх землях.

Версій паходжання назвы Папоўкі, а менавіта так першапачаткова называўся адміністрацыйны цэнтр сельсавета – аграгарадок Акцябр, існуе некалькі. Па дадзеных археолагаў, гэтыя мясціны былі заселены ўжо ў старажытнасці. Паводле мясцовага падання, у далёкім мінулым на месцы вёскі былі вялікае балота, лес, рэчка. Нейкі Паповіч прывёў сваіх сялян на багністыя месцы, загадаў на ўзвышшах будаваць хаціны, разводзіць гаспадарку, апрацоўваць землі, а ён не будзе браць даніну 5 гадоў. Так вось і з’явілася вёска, назвалі яе Папоўкай.

Некаторыя казалі, што назва вёскі пайшла ад таго, што вакол расло шмат кветак – папкоў. Потым з’явілася новая назва – Троцкае, затым Сталіна, цяперашнюю назву населены пункт атрымаў у 1961 годзе.

Другі па значнасці населены пункт сельсавета – аграгарадок Дуравічы, які быў цэнтрам Дуравіцкага сельсавета, рэарганізаванага ў 2010 годзе. Тут размешчаны 3 курганных могільнікі, вядомыя з 1873 года: першы – на 0,8 км на паўночны ўсход ад аграгарадка, які з’яўляецца помнікам археалогіі (27 насыпаў), другі – на 0,9-1,4 км на паўночны захад ад населенага пункта (25 насыпаў). Па пісьмовых крыніцах, Дуравічы, якія былі шляхецкай уласнасцю, вядомы з 15 стагоддзя. Да 1452 года населены пункт належаў пану Свідрыгайла Альгердавічу, затым ваяводзе Андрэю Саковічу, у 1483 падораны Мажайскаму князю, а з 1492 – у валоданні А. Багданавай. Паводле прывілеі караля Аўгуста ІІІ ад 5 лістапада 1762 года, вёска была ва ўладанні Фашчаў, прычым з правам перадачы ў спадчыну толькі па мужчынскай лініі. У 19 стагоддзі на гэтай тэрыторыі дзейнічала вінакурня купца Дрыбенцава.

Горкае рэха вайны і Чарнобылю

У час Вялікай Айчыннай вайны акупанты забілі 11 жыхароў Акцябра. У баях каля населенага пункта загінулі 11 савецкіх салдат, яны пахаваны ў брацкай магіле ў цэнтры аграгарадка, 49 жыхароў вёскі загінулі на фронце.

Падчас падрыхтоўкі і правя-дзення аперацыі «Баграціён» па прычыне расцягнутасці лініі фронту былі створаны два дапаможных пункты кіравання войскамі 1-га Беларускага фронту, адзін з іх знаходзіўся ў Дуравічах. 5 чэрвеня 1944 года камандаваннем у вёсцы абмяркоўваліся становішча на правым флангу фронту і мерапрыемствы, звязаныя з падрыхтоўкай наступлення. На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 188 жыхароў вёскі. У памяць аб загінуўшых у скверы Дуравіч у 1957 годзе ўстаноўлена скульптура салдата.

Жыве гісторыя і пра трагічны лёс Фядоссі Сазонавай з вёскі Дубавіца, трое яе дзяцей былі партызанамі. У 1943 годзе іх расстралялі немцы фактычна на яе вачах. …Над вёскай стаяла ціхая ноч. У хаце Фядоссі Мікалаеўны адпачывалі два яе сыны – старэйшы Miкола i малодшы Іван. Яны прыйшлі ў вёску па заданні камандзіра брыгады Аляксея Дземчанкі, каб сарваць адпраўку моладзі ў Германію. Ужо тры дні яны знаходзіліся ў вёсцы, адправілі да партызан дзве групы моладзі. Гэтай ноччу яны павінны былі правесці ў лес яшчэ восем хлопцаў i дзяўчат. Раптам каля хаты пачуўся глухі тупат. Маці здалося, што гэта яе дачка Надзея, якая пільнавала на вуліцы. Як толькі жанчына адкінула кручок на дзвярах, чыясьці далонь закрыла ёй рот, а рука сціснула шыю. Некалькі чалавек ускочылі ў хату, пачалася стральба. Аўтаматная чарга здрадніка-аднавяскоўца Сямёна Ткачова прашыла грудзі Івана. Увялі ў хату збітую, акрываўленую Надзею, якая, дарэчы, была на 7-м месяцы цяжарнасці. Фядосся Мікалаеўна страціла прытомнасць. Ачуняла яна толькі раніцай сярод тpaix свaix забітых дзяцей. Па падлозе поўзала маленькая дачушка Галя. Акрамя яе ў жывых засталіся Каця, Яўгенія і Міша. Мікалай, Іван і Надзея пахаваны ў брацкай магіле на могілках у Дубавіцы.

Брацкая магіла Сазонавых у Дубавіцы

Не прайшла бокам акцябрскую зямлю і чарнобыльская трагедыя. Так, у выніку аварыі на ЧАЭС у зоне адсялення і адчужэння апынуліся 8 населеных пунктаў сельсавета: Лугінічы, Герой, Новая Ліпа, Зацішша, Ліпа, Утульны, Лук’янава і Баявы, дзе ў 336 домаўладаннях пражывалі 697 чалавек. У 1987 годзе ў Акцябры былі пабудаваны дамы на 50 сямей, у якія засялілі жыхароў з месцаў, забруджаных радыяцыяй пасля чарнобыльскай катастрофы.

Землякі

У жніўні споўнілася 75 гадоў з дня перамогі Чырвонай Арміі ў Курскай бітве. У тым страшным баі сышліся амаль чатыры мільёны чалавек, дзясяткі тысяч танкаў, гармат і самалётаў з абодвух бакоў, удзельнічаў у ім і наш зямляк, ураджэнец вёскі Акцябр Андрэй Сталяроў.

Для малодшага сяржанта Сталярова і яго экіпажа бой на курскай дузе быў першым баявым хрышчэннем. Як сведчаць дакументы, раніцай 6 ліпеня танк пад кіраўніцтвам Сталярова ўмела манеўруе, вядзе баі ў першых шэрагах надыходзячых войскаў. Перад камандаваннем стаяла задача – прайсці на ўскраіну вёскі і захапіць чыгуначную станцыю. Танк Сталярова вырваўся наперад і трапіў пад абстрэл. «Ударыць па праціўніку з флангу», – загадаў механіку малады камандзір. Такі манеўр спрацаваў, танк падбіў дзве машыны ворага. Аднак фашыстам удалося яго пашкодзіць. Перасільваючы боль, Андрэй Сталяроў дабраўся да рычагоў кіравання. Машына гарэла, але ўсё яшчэ магла рухацца. У эфір пайшла радыёграма: «Экіпаж выйшаў з ладу, танк гарыць, іду на таран…» Пачуўся выбух, над танкамі падняўся слуп агню і дыму. Вёска і станцыя былі ўзятыя, а ўраджэнец Акцябра пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны 1-й ступені.

Сярод тых, хто ўнёс свой уклад у разгром фашысцкай Германіі, быў і ўраджэнец Акцябра Дзмітрый Васільевіч Сердзюкоў, узнагароджаны медалём «За адвагу». З першых дзён вайны ён быў вадзіцелем бартавой машыны «ГАЗ-АА» 5-га армейскага рамонтна-аднаўленчага батальёна. Не лічыўшыся з часам і стомленасцю, нягледзячы на бездарожжа, Дзмітрый Сердзюкоў своечасова дастаўляў запасныя часткі да рамантуемых машын на перадавую лінію фронта, а таксама паліва і прадукты харчавання ў асобныя рамонтныя брыгады.

На акцябрскай зямлі таксама выраслі людзі, якія гераічна змагаліся з ворагам на афганскай вайне, куды былі накіраваныя пасля прызыву на службу ў 1986 годзе. На жаль, вярнуцца з гэтага пекла ім не было наканавана.

Пётр Пятровіч Маісееў – ураджэнец вёскі Дубавіца Акцябрскага сельсавета. У 1983 годзе скончыў 8 класаў Дуравіцкай сярэдняй школы. Да прызыву працаваў у брыгадзе па вырошчванні агародніны ў саўгасе «Дубавіцкі». Загінуў 6 красавіка 1988 года. Удастоены ордэна Чырвонай Зоркі.

Валерый Альфрэдавіч Івашуцін нарадзіўся ў горадзе Тальяці Расійскай Федэрацыі, у 1975 годзе разам з бацькамі пераехаў жыць на тэрыторыю сельсавета. Скончыў 10 класаў Дуравіцкай сярэдняй школы. Загінуў у 1987 годзе. Абодва нашых землякі ўзнагароджаны медалямі «Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа» і іншымі, пахаваны на могілках у Дубавіцы.

Ягор Фёдаравіч Палікшанаў і яго лёс на акцябрскай зямлі

Велізарная роля ў станаўленні і развіцці аграгарадка і іншых населеных пунктаў сельсавета належыць вопытнаму кіраўніку Ягору Фёдаравічу Палікшанаву, які 14 гадоў узначальваў саўгас «Краснаакцябрскі». Дарэчы, у час яго кіравання гаспадарка з’яўлялася адной з лепшых сельгаспрадпрыемстваў рэспублікі.

Ягор Фёдаравіч Палікшанаў

У 1983 годзе Ягор Палікшанаў прыняў саўгас, які быў адным з адстаючых, стратных у раёне і вобласці. Пад разумным кіраўніцтвам гаспадарка з ліку адстаючых зрабіла сапраўдны прарыў, на працягу 3 гадоў удалося выйсці на сярэднераённыя паказчыкі. Саўгас паступова набіраў тэмпы развіцця і неўзабаве выйшаў у лідары аграпрамысловага комплексу. І хоць чарнобыльская катастрофа нанесла значны матэрыяльны і маральны ўрон, Ягор Фёдаравіч змог адстаяць гаспадарку, усяліць у працаўнікоў упэўненасць у будучыні, і ўжо ў 1994 годзе саўгас аднавіў дачарнобыльскія паказчыкі вытворчасці, а ў 1997 дасягнуў самых высокіх паказчыкаў за ўсе гады свайго існавання.

Са з’яўленнем уласных сродкаў у саўгасе былі рэканструяваны фермы, пабудаваны новыя жывёлагадоўчыя памяшканні ў Ліпе, Акцябры, адкормачны цэх у Лугінічах, фруктасховішча, кацельня, новыя цяпліцы, фірменны магазін і многія іншыя аб’екты. Выступаў Ягор Фёдаравіч і за паляпшэнне жыццезабеспячэння насельніцтва: пры яго садзейнічанні ў Акцябры з’явіліся Дом культуры, сярэдняя школа, дзіцячы сад, сталовая. За высокія паказчыкі гаспадарка была адзначана Ганаровай граматай ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР, Беларускага савета прафсаюзаў і ЦК ЛКСМБ. Сам Ягор Палікшанаў за шматгадовую працу і заслугі перад дзяржавай удастоены шматлікіх узнагарод, з’яўляецца Ганаровым грамадзянінам Буда-Кашалёўскага раёна.

Традыцыі

На Будакашалёўшчыне нямала звычаяў і абрадаў. У гэтым дачыненні не выключэнне і акцябрская тэрыторыя: у двух пунктах сельсавета – Акцябры і Бродах – у прастольныя святы Казанскай Божай Маці і Тройцы адпаведна праходзяць урачыстыя абрады пераносу свечкі (так называюць абраз) з адной хаты ў другую, дзе яна знаходзіцца на працягу наступнага года. Для гэтага, як правіла, выбіраюць найстарэйшых і найбольш паважаных жыхароў мясцовасці. У Акцябры абрад пераносу свечкі вядомы з пасляваенных часоў, у Бродах свечка знаходзіцца з 1930 года.

У час хрэснага ходу ў Акцябры на свята Казанскай Божай маці

Ініцыятывы

У маі бягучага года ў рамках рэалізацыі мясцовай ініцыятывы «Цэнтр прыцягнення» праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», што фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН, з мэтай далучэння насельніцтва да здаровага ладу жыцця і развіцця інфраструктуры для вольнага часу і заняткаў спортам у аграгарадку адкрыліся паркавая зона з гульнявым абсталяваннем, лаўкамі для адпачынку, урнамі і малымі архітэктурнымі формамі паблізу Дома культуры, шматфункцыянальная спартыўная зала са спартыўным абсталяваннем і трэнажорамі на базе мясцовага Дома культуры.

Па матэрыялах кніг “Памяць”, “Легенды і паданні населеных пунктаў Буда-Кашалёўскага раёна” падрыхтавалі Марына КРАСНІК, Раман ВЕЖНАВЕЦ.

Фота Марыны Лусевіч і з архіву рэдакцыі.