▶ 1967 год
✓ У другі раз энергетыкі раёна разам з усім савецкім народам адзначылі Дзень энергетыка. Цяпер у раёне няма ні аднаго населенага пункта да дзесяці двароў і больш, дзе б не гарэлі лямпачкі Ільіча.

✓ У Струкаўской сярэдняй школе створана пярвічная партыйная арганізацыя. У яе саставе пяць камуністаў-настаўнікаў. У Гавельскай 8-гадовай школе адбылося адкрыццё гісторыка-краязнаўчага музея.

✓ Выдатна папрацаваў у юбілейным годзе калектыў птушкафермы саўгаса “Буда-Кашалёўскі”. Вытворчасць курыных яек дасягнула 5 мільёнаў штук.

▶ 1968 год
✓ Населеныя пункты раёна карэнным чынам мяняюць аблічча. У вёсцы “Пянчын” свая 8-гадовая школа, магазін і чайная, узведзены двухпавярховы жылы дом і дабротная лазня.

✓ У саўгасе “Камінтэрн” здадзены ў эксплуатацыю двухпавярховы будынак канторы саўгаса, дзе размясціліся Шырокаўскі сельсавет і паштовае аддзяленне сувязі, заселены 8-кватэрны дом і будуецца другі такі ж. Для патрэб працаўнікоў вёскі адчыніў свае дзверы і камбінат бытавога абслугоўвання. Да свята 51-й гадавіны Вялікага Кастрычніка будзе адкрыта сталовая, а затым і саўгасная гасцініца.

✓ Адбыўся другі раённы злёт былых партызан і падпольшчыкаў. Прайшоў ён у Віктарынскім лесе, на месцы стаянкі 1-й Буда-Кашалёўскай партызанскай брыгады.

▶ 1976 год
✓ Больш за 30 дзён на ўборцы бульбы ў калгасе “Юбілейны” працавалі каля 40 навучэнцаў саўгаса-тэхнікума. Калгасу аказана адчувальная дапамога ў правядзенні важнай сельскагаспадарчай кампаніі.

✓ Гападаркі раёна значна расшырылі плошчы пад лён-даўгунец. Курс на спецыялізацыю ў льнаводстве ўзялі калгасы імя Калініна, імя Чапаева, “Новае жыццё” і інш.

✓ За поспехі ў выкананні заданняў дзявятага пяцігадовага плана і прынятых сацыялістычных абавязацельстваў Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ордэнам Працоўнай Славы III ступені ўзнагароджана Бобікава Валянціна Герасімаўна – майстар-сырароб Буда-Кашалёўскага масласырзавода.

▶ 1977 год
✓ Раённая камсамольская арганізацыя налічвае ў сваіх радах 5108 членаў УЛКСМ. Самымі шматлікімі з’яўляюцца камсамольскія арганізацыі саўгаса “Марозавічы”, калгаса імя Энгельса, раённага аб’яднання “Сельгастэхніка”.

✓ Калектыў Буда-Кашалёўскага лясгаса сустрэў 60-годдзе Вялікага Кастрычніка не толькі выкананнем, але і перавыкананнем плана як у бюджэтнай, так і гаспадарчаразліковай дзейнасці.

✓ Цесная і даўняя дружба, працоўнае саперніцтва звязвае хлебаробаў Менскага раёна Чарнігаўскай вобласці і Буда-Кашалёўскага Гомельскай. Плённа паміж сабой працуюць і журналісты раённых газет.

✓ Ідучы насустрач 60-годдзю Вялікага Кастрычніка, раённая арганізацыя таварыства “Веды” праводзіць значную работу па ваенна-патрыятычнаму выхаванню моладзі і падрастаючага пакалення.

▶ 1979 год
✓ У раёне займаюцца труса-гадоўляй, менш – развядзеннем нутрый.

✓ Дастойны падарунак вялікаму святу Кастрычніка падрыхтавалі працаўнікі Буда-Кашалёўскага кансервавага завода: план па валавой прадукцыі выкананы на 105,9 працэнта, па таварнай – на 109,4, па рэалізацыі – на 113.

✓ Рагінскія бульбаводы шырока практыкуюць камбайнавую копку.

✓ Імя Мікалая Кірычэнкі з эксбазы “Пянчын” занесена на рэспубліканскую Дошку гонару.

✓ Сотні гараджан працавалі на нарыхтоўцы кармоў, доглядзе пасеваў бульбы, караняплодаў, гародніны, іншых работах. Асноўныя сілы былі сканцэнтраваны на закладцы сенажу ў саўгасе “Камінтэрн”.

✓ 180 цімураўскіх атрадаў шэфствуюць над ветэранамі вайны, працы, сем’ямі загінуўшых. Удзельнічаючы ў аперацыі “Зялёны патруль Айчыны”, піянеры раёна высадзілі 6 тысяч дрэўцаў і кустарнікаў, разбілі кветнікі.

▶ 1992 год
✓ З перавыкананнем леташняга задання пачалі бягучы год работнікі Буда-Кашалёўскага цэха газавай гаспадаркі. Рэалізацыя газа склала 2781,6 тоны, што на 57 тон больш запланаванага. На працягу года было газіфікавана 170 кватэр.

✓ Чорны Чарнобыль. 20 сем’яў з калгаса “Іскра” атрымалі жыллё ў саўгасе “Лукскі” Жлобінскага раёна. Забалоцкія хлебаробы далі згоду правесці веснавую сяўбу ў роднай гаспадарцы, а потым пераехаць на новае месца жыхарства.

✓ Першага верасня расчынілі дзверы 44 школы раёна. За парты села больш шасці тысяч вучняў.

✓ Пяць гаспадарак раёна для ўборкі ўраджаю і выканання іншых сельскагаспадарчых работ прымаюць 240 студэнтаў і навучэнцаў горада Гомеля.

▶ 1995 год
✓ Сур’ёзна пацясніў на рынку збыту як дзяржаўны гандаль, так і перапрацоўшчыкаў сельскагаспадарчай прадукцыі калгас імя Энгельса.

✓ У раённым Доме культуры праведзены фестываль дзіцячай творчасці “Мы родам з дзяцінства”, прысвечаны 50-годдзю Перамогі Вялікай Айчыннай вайне.

✓ Ураджэнец Пыцькаўкі Васіль Габееў, які прайшоў Вялікую Айчынную ад роднага парога да Берліна, выпусціў зборнік вершаў “З дарог вайны”.

▶ 1997 год
✓ Адбылася раённая канферэнцыя па стварэнні Беларускага патрыятычнага саюза

моладзі, першым сакратаром раённага камітэта БПСМ выбраны С.У. Ільёў.

✓ У Буда-Кашалёве адкрыта яшчэ адна гандлёвая кропка – дзяжурны магазін.

✓ Шэсць камбайнаў раёна накіраваліся на ўборку збажыны ў Дубровенскі раён Віцебскай вобласці.

✓ Саўгасу “Краснаакцябрскі” за высокую культуру земляробства і эфектыўнае выкарыстанне зямель уручаны спецыяльны дыплом і трактар МТЗ.

Экскурс у гісторыю правяла Алена БЕЛКА