Анатоль Зэкаў зарэкамендаваў сябе ў многіх літаратурных жанрах. На ягоным рахунку звыш трох дзясяткаў кніг паэзіі, прозы, сатыры і гумару, зборнікаў для дзяцей.

А ў апошні час пісьменнік праявіўся і як драматург. Летась на сцэне Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра па ягоным лібрэта рэжысёрам Міхаілам Кавальчыкам быў пастаўлены спектакль “Жыццё і смерць Янкі Купалы”. А тыдзень таму ў гэтым жа тэатры адбылася новая прэм’ера – спектакль “Камедыя”, лібрэта да якога, паводле аднайменнага твора Каятана Марашэўскага і п’есы “Птушка шчасця” Францішка Аляхновіча, таксама напісаў наш зямляк. Зрэшты, музыку да спектакля стварыў усё той жа кампазітар Алег Хадоска, з якім Анатоль працаваў у тандэме і ў першым выпадку.

“Камедыя”, пастаўленая маладым рэжысёрам Валерыяй Чыгілейчык, – гэта гісторыя-прытча пра няшчаснага селяніна Дзёмку, яго жонку Маланку, яўрэя-арандатара Давіда і хітрага інтрыгана Чорта. Дзёмка ва ўсіх сваіх пакутах вінаваціць першага чалавека Адама, за грэх якога цяпер трэба разлічвацца простым людзям. Каб пазбавіць Дзёмку ад пакутніцкага жыцця, Чорт прапануе яму грошы, але не проста так, а за выпрабаванне праверкай чалавечай сілы і волі. Ці вытрымае селянін іспыт, гледачы даведаюцца, паглядзеўшы гэты – з арыгінальнымі спевамі і іскрамётнымі скокамі – насамрэч вясёлы спектакль.

Настасся ПІНЧУК