Ні для каго не сакрэт, што кот і сабака – самыя любімыя жывёлы ў дзяцей. І ў вёсцы, і ў гарадскіх кватэрах.

Кніга нашага земляка, вядомага беларускага пісьменніка, Ганаровага грамадзяніна Буда-Кашалёўскага раёна Анатоля Зэкава “Праўда і лухта пра вусатага ката”, як ужо бачна па назве, пра першага з іх. Пад адной вокладкай аўтар упершыню ў беларускай літаратуры склаў кнігу выключна з вершаў пра ката. І насамрэч галоўны герой кнігі – вусаты, мацёры, хітры і ласкавы кот, з якім адбываюцца самыя звычайныя і амаль што неверагодныя прыгоды. Ён палюе на мышэй і цікуе за вераб’ямі, вартуе куранят і купаецца ў лужыне, чакае юную гаспадыню са школы і пасылае гаспадара ў краму за “Віскасам”, плавае на цеплаходзе і ходзіць на рыбалку, глядзіць па тэлевізары Алімпіяду і сам б’е рэкорд на лыжні, наведвае мастацкую выставу і сядзіць за камп’ютарам. А яшчэ кот прымервае на сябе абавязкі пастуха і рахункавода, дрывасека і турыста…

У кнізе – звыш чатырох дзясяткаў самых разнастайных па аб’ёме, тэматыцы і стылістыцы вершаваных твораў. Яны арганічна ўзаемадапаўняюцца, ствараючы тым самым агульны партрэт-характарыстыку ката з усімі ягонымі звычкамі: што ён любіць, чаго цураецца, каго баіцца. Часам кот Анатоля Зэкава даволі энергічны, але бывае і гультаяваты. Безумоўна, гэта далёка не “каціная энцыклапедыя”, і ўсё ж такія-сякія канкрэтныя звесткі пра ката можна знайсці і ў гэтай выключна мастацкай кнізе, няхай сабе і ў аўтарскім паэтычным праламленні. Ужо з першага верша “У чым справа?” чытачы зразумеюць, чаму сабака з катом не сябруе:

Прычына адна тут, дарэчы:
На вуліцы першы начуе,
Другі грэе плечы на печы.
Віны ў тым кашачай ніякай.
Спрадвеку ўжо справа такая:
Кот ловіць мышэй,
А сабака
Увагі на іх не звяртае.

Не ведаю, ці ў гэтым асноўная прычына варагавання ката і сабакі, але ж сяброўства паміж імі сапраўды няма.

Вершы Анатоля Зэкава, напісаныя з уласцівым яму заўсёдным гумарам, што асабліва цешыць маленькіх чытачоў, лёгка чытаюцца і гэтак жа лёгка запамінаюцца. Кот у аўтара настолькі жывы і вобразна вымаляваны, што ўспрымаецца не толькі тэкстава, але і зрокава.

Варта адзначыць, што кніжны кот, як і ў паўся-дзённым рэальным жыцці, не існуе ў адасобленай прасторы. Апроч яго ды мышэй, сярод герояў кнігі – дарослыя і дзеці, якія любяць свайго хвастатага гадаванца: гуляюць з ім, мілуюць, песцяць. Як, напрыклад, хлопчык Артур з верша “Два мурлыкі”:

Мур ды мур,
Мур ды мур –
З коцікам гуляў Артур.
Вы не ўцяміце ніколі,
Хто з дваіх іх
Муркаў болей.

Часам жа, гуляючы, дзеці раптам задаюцца пытаннем: “Калі мышы ёсць// Лятучыя,// Дзе ж тады// Лятучы кот?” І разумеюць, калі кот садзіцца за камп’ютар, яго перш-наперш цікавіць “Не камп’ютар сам,// А мышка”.

Прачытаўшы кнігу, чытачы даведаюцца, чаму “Кот, крадком// Лізнуўшы лёд,// Нарабіў сабе турбот” і чаму “Коцік шэранькі ў кватэры// Са сцяны сарваў шпалеры”, як “кашу і катлету// Падзяліла з коткай Света” і як “Бегаў коцік па сумётах// І згубіў у снезе боты”. Ды і шмат чаго іншага. Розных цікавостак у кнізе хапае. Думаецца, яна даспадобы прыйдзецца чытачам – і не толькі юным, а і дарослым, бо, бачачы, як нашы дзеці ці ўнукі забаўляюцца з катом, мы і самі вяртаемся ў незабыўны час свайго маленства.

Наталля СІДАРЭНКА