У чарговы раз тэма бяспекі людзей на першым плане. І зноў у полі зроку люкі.


Не гаварыць аб гэтым немагчыма, бо, на жаль, з-за нядбайнасці адных гінуць ці калечацца другія. А прыкладам таму ўжо паслужыў выпадак, які адбыўся ў самым канцы красавіка ў Калінкавіцкім раёне: трохгадовы хлопчык, выйшаўшы з двара на вуліцу, праваліўся ў водаправодны калодзеж, часткова запоўнены вадой, і патануў. Адтуліна калодзежа была закрыта шчытом з драўляных старых дошак, якія не вытрымалі вагу дзіцяці.
Нездарма таму “Авангард” пісаў пра такі ж самы шчыт на калодзежы ў Рагіні, што паблізу школы. Праўда, на той момант, як выйшаў нумар раёнкі, на ім з’явілася новае покрыва – металічная бляшанка. Што ж, зразумела, часовая мера перасцярогі. Але наколькі часовая? Бляшанка нічым не прымацаваная, і няма гарантыі, што які-небудзь ахвотнік не пазайздросціць на такое “дабро”, напрыклад, не аднясе яго на пункт прыёму жалеза. Каля сельскага Дома культуры таксама знаходзіцца люк, прычым небяспечны. Ці трэба напамінак?
Яшчэ адзін факт з жыцця рагінцаў: каля дарогі ў аграгарадку доўгі час красуецца адкрыты калодзеж. Ён пусты, у траве яго нават не відаць. Але літаральна зрабіць адзін крок – і ты ў ямцы. Здзіўляе, як дагэтуль ён нікога не спаймаў. І ўсе ведаюць і маўчаць. Парадокс. А калодзеж глыбокі. Складваецца ўражанне, што ніякай работы па выяўленню адкрытых люкаў не праводзіцца. Ці толькі на паперы?
Увогуле, каб не адбылося трагічнага выпадку, як у Калінкавіцкім раёне, і пазбегнуць крымінальнай справы, на папярэджванні трэба рэагаваць, прычым неадкладна і згодна дакументацыі па тэхнічнай эксплуатацыі такіх калодзежаў. Не лішнім будзе дадаць, што ўпраўленнем Следчага камітэта па Гомельскай вобласці праводзіцца работа па зборы і абагульненні інфармацыі аб наяўнасці на тэрыторыі вобласці не абсталяваных люкамі водаправодных і тэхнічных калодзежаў. Бо тэма гэта сур’ёзная, і тычыцца яна чалавечага жыцця.


Максім ЗУБАР
Фота жыхара Рагіні