Пісьменніка Міколу Чарняўскага аматарам літаратуры прадстаўляць асаблівай патрэбы няма. Ён аўтар шматлікіх кніг паэзіі і прозы, уганараваны высокімі прэміямі і ўзнагародамі, а нядаўна парадаваў нас, прыхільнікаў сваёй творчасці, чарговай кнігай.

У выдавецтве “Народная асвета” па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь пабачыў свет зборнік яго літаратурных партрэтаў “На парозе дабрыні і болю”. Шчыра скажу, гэтую кнігу я чакаў даўно і з надзеяй, што калі-небудзь яна з’явіцца ў маёй хатняй бібліятэцы. Вядома ж, і з аўтографам Міколы Чарняўскага. З майго боку будзе не зусім, магчыма, сціпла выглядаць, калі я прапаную чытачам, што напісаў мне на вокладцы аўтар, але ж за некалькі слоў з аўтографа, спадзяюся, ён не пакрыўдуе, бо яны якраз і адлюстроўваюць сутнасць усёй кнігі: “…на самы добры ўспамін пра незабыўна-незваротную часіну нашай маладосці, сяброў-таварышаў і літаратурных настаўнікаў той пары”.

Трэба адзначыць, што даволі разгорнутыя літаратурныя партрэты на працягу апошніх год Мікола Чарняўскі друкаваў у часопісе “Полымя” і тыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, і яны не былі абдзелены ўвагай чытачоў. І вось цяпер, сабраныя пад адной вокладкай, вядома ж, надоўга зберагуць для нашчадкаў памяць пра тых, хто радаваў іх папярэднікаў сваім літаратурным дарам, вучыў любові да Радзімы, жыццёвай мудрасці і дабрыні. Бо дастаткова нагадаць прозвішчы тых прадстаўнікоў прыгожага пісьменства, пра якіх згадвае Мікола Чарняўскі, каб пераканацца ў гэтым. А яму пашчасціла сустракацца, быць блізка знаёмым, творча супрацоўнічаць і сябраваць з Янкам Маўрам, Артурам Вольскім, Васілём Віткам, Ула-дзімірам Дубоўкам, Станіславам Шушкевічам, Рыгорам Барадуліным, Анатолем Грачанікавым… Хоць, здавалася б, і добра ведаў я біяграфіі і творчасць герояў літаратурных партрэтаў, аднак, дзякуючы Міколу Чарняўскаму, адкрыў для сябе шмат чаго новага і цікавага. Ну, хоць бы, напрыклад, чаму Ула-дзімір Дубоўка, які стаў ахвярай сталінскіх рэпрэсій і шмат год правёў у Сібіры, пасля вызвалення не вярнуўся ў Мінск, а вырашыў жыць у Маскве. Гэты крок сам Дубоўка растлумачыў так: у Мінску шмат сяброў, яны будуць хадзіць да цябе ў госці, ты павінен будзеш хадзіць да іх… Ці ж да працы будзе? А задумана вельмі шмат. У Маскве ж цішэй, спакайней, ніхто не адрывае ад стала…

Уладзімір Дубоўка часта, вядома ж, наведваўся ў Мінск, дзе ў яго рэгулярна друкаваліся творы ў часопісах, выходзілі асобнымі кнігамі ў выдавецтвах.

Мікола Чарняўскі вельмі цёпла згадвае пра сустрэчы з пісьменнікам няпростага лёсу. Калі ж ён некаторых пісьменнікаў называе сваімі настаўнікамі ў літаратуры, а менавіта Алеся Пальчэўскага і Міхася Даніленку, то гэтаксама магу сказаць пра іх і я. Сваё першае апавяданне я надрукаваў у часопісе “Вясёлка”, а паспрыяў гэтаму Алесь Восіпавіч. Потым я, вучань на той час, заходзіў у рэдакцыю, дзе з ім пазнаёміўся бліжэй, а перад гэтым паклаў на стол водгук на яго кнігу “Данеўцы – нашы знаёмыя”, які надрукаваў у рагачоўскай раённай газеце. У той жа дзень убачыў у кабінеце Алеся Пальчэўскага Васіля Вітку і Сяргея Грахоўскага.

Што ж да Міхася Даніленкі, то побач з ім я пражыў у Гомелі амаль сорак год. Заўсёды прыслухоўваўся да ягоных парад. Сёлета на дзевяноста сёмым годзе жыцця Міхася Пятровіча не стала…

Не мог без хвалявання чытаць я згадкі Міколы Чарняўскага пра пісьменнікаў больш малодшага пакалення – Яўгенію Янішчыц, Хведара Чэрню і Анатоля Сербантовіча. Іх, на вялікі жаль, няма сёння з намі, і асабліва шкада, што таленавітыя творцы да балючага рана пакінулі гэты свет.

З-пад пяра Міколы Чарняўскага выйшла кніга-рэтра. Яна вымушае чытача вярнуцца назад, у мінулае, дзе жылі і тварылі на парозе дабрыні і болю сапраўдныя людзі, якімі сёння мы ганарымся.

Упэўнены, кніга літаратурных партрэтаў Міколы Чарняўскага “На парозе дабрыні і болю” стане карысным дапаможнікам для выкладчыкаў ВНУ, студэнтаў, школьнікаў, а таксама для ўсіх, хто цікавіцца беларускай літаратурай, яе ўчарашнім і сённяшнім днём. Яна напісана жывой гутарковай мовай, не пазбаўлена гумару і прыгод, адкрые чытачу шмат новага, сапраўды цікавага і пазнавальнага.

Васіль Ткачоў