Па яго творах можна вывучаць буда-кашалёўскі край. На яго рахунку дзясяткі кніг паэзіі, прозы, сатыры і гумару, дзіцячых казак, вершаў і баек. Ён аўтар лібрэта спектакля “Жыццё і смерць Янкі Купалы” і проста цікавы апавядальнік, таленавіты пісьменнік і сапраўдны чалавек.

Фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц

З Патапаўкі з’ехаў даўно, але сувязі з роднымі мясцінамі ніколі не губляў. У яго вершах амаль заўсёды можна сустрэць назвы знаёмых вёсак і вуліц, імёны і мянушкі землякоў. Тут жыве яго бацька Мікалай Абрамавіч – таксама майстра, але не слова – выдатна ў яго атрымліваюцца розныя гаспадарчыя прылады з дрэва. Ён цясляр. І ў свае 91 бацька пісьменніка не кідае любімай справы, якая доўгі час была яго працай. Разам з ім жыве яго дачка Галіна Мікалаеўна, якая год назад пераехала да бацькі, каб даглядаць яго і дапамагаць па гаспадарцы. Напярэдадні юбілею Анатоля Мікалаевіча я завітала да Мікалая Абрамавіча і Галіны Мікалаеўны, каб распытаць іх пра таленавітага сына і брата. Мне хацелася даведацца: які ён быў у дзяцінстве, як атрымалася, што вясковы хлопчык са звычайнай сялянскай сям’і стаў пісьменнікам? Ці не звычайнай?… Размова атрымалася надзвычай душэўная і цёплая. Да нас далучылася і суседка Зэкавых Любоў Янчанка.

Галіна і Мікалай Абрамавіч каля хаты

Мы ніколі не думалі, што Анатоль стане пісьменнікам

– Насамрэч, мы ніколі не думалі, што Анатоль стане пісьменнікам, – прызналіся Мікалай Абрамавіч і Галіна Мікалаеўна. – Думалі: скончыць універсітэт – стане настаўнікам. Пісьменнікаў у нас зроду не было. Адкуль ім было ўзяцца? Я нарадзіўся і вырас тут, у гэтай хаце, бацька зусім рана памёр. Маці расціла мяне і чатырох сясцёр адна. Было цяжка, але ж мы працавітыя былі, усе сталі на ногі, знайшлі сваё месца ў жыцці. Я адзін час працаваў на Гомсельмашы, потым стаў цяслярыць. Калі жонка захварэла, пайшоў з працы, каб быць побач. Дома ў майстэрні рабіў розныя гаспадарчыя прылады: што прадаваў аднавяскоўцам, што збываў на базар.

У Наталлі Цімафееўны лёс яшчэ складаней: нарадзілася яна ў Губічах, праз паўтара года памерла маці, потым не стала і бацькі. Сірату ўдачарыла бяздзетная сям’я з Патапаўкі. Вось так. Разам мы вырасцілі траіх дзяцей. Дачакаліся чатырох унукаў. Падрастаюць 6 праўнукаў. Пісьменнікаў пакуль няма (усміхаецца).

Анатоль дома часты госць. Прыязджае з ахвотай. Тут яму раздолле. Ходзіць у лес, збірае грыбы. Можа там дзень хадзіць. Мабыць, яму там лепш думаецца. Са-джае дрэвы: дубкі, бярозкі, рабінкі. І, зразумела, піша. Амаль да ранку. У яго тут ёсць свой ноутбук. Мы яму ў сталовай адводзім стол, і ён увесь час працуе. Дапамагае па гаспадарцы, высаджвае агародніну. Дарэчы, зеляніна – яго любімая страва. Заўсёды прывозіць насенне з Мінску і сам корпаецца ў агародзе. Мы яго таксама чакаем. Ён – добры сын і самы лепшы брат. Хай ён будзе здаровы і пражыве яшчэ столькі ж гадоў!

Любоў Янчанка

Анатоль працуе са словам так тонка, як бацька з дрэвам

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Патапаўскай школы, суседка Зэкавых Любоў Янчанка:

– Анатоля і яго сям’ю ведаю ўсё жыццё. Мы з ім амаль равеснікі, разам хадзілі ў школу. І мне здаецца, што менавіта школа, а дакладней, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Улляна Фёдараўна Лазавенка і прывіла любоў Анатолю да роднага слова, да паэзіі. Яна ўмела зацікавіць. Яе ўрокі літаратуры я памятаю і да гэтага часу. Напэўна, Улляна Фёдараўна першая заўважыла ў яго здольнасці, разгледзела яго талент і натхніла да творчасці. Ён не быў гарэзлівы, хутчэй спакойны, цёплы і ўдумлівы. З ім заўсёды было ўтульна. Вучыўся з ахвотай. І верыце, ні высокія ўзнагароды, ні ганаровыя званні не сапсавалі яго. Ён застаецца адкрытым і свабодным, як і сама яго творчасць. Ён не ганарлівы, хоць ёсць чым ганарыцца. Ён свой. Ён наш. Ён так любіць сваю малую радзіму… Здаецца, толькі дома, у вёсцы і адчувае сябе прывольна.

Я добра ведала яго маці – Наталлю Цімафееўну. Яе не стала 9 гадоў таму. Яна была вельмі сціплая і спакойная жанчына. Пільна сачыла за творчасцю старэйшага сына, радавалася яго поспехам і ганарылася ім. Сціпласць і чалавечнасць у Анатоля – ад маці, ад бацькі – гумар. А яшчэ Анатоль працуе са словам так тонка, як бацька з дрэвам.

І ўвогуле гэта цудоўная сям’я. Сястра Галя жыла ў Жлобіне, а зараз з бацькам, малодшы Пеця – у Рагачове. Дарэчы, ён у школе цудоўна чытаў вершы, удзельнічаў у драматычным кружку. Але ніхто з іх, акрамя Анатоля, не піша. Адзін ён такі. Наш гонар. Наша зорачка. Я на ўроках часта выкарыстоўваю яго творы. Бо яго творчасць родная, блізкая. У ёй вялікая любоў да зямлі.

Чаго пажадаць яму? Каб сваёй творчасцю ён не адно дзесяцігоддзе яшчэ нас радаваў. Моцнага здароўя, творчага натхнення і паболей добрых людзей на сцяжыне жыцця.

У майстэрні
У майстэрні
У майстэрні

Ірына Палубец
Фота аўтара