Выйшла ў свет новая кніга слыннага беларускага пісьменніка Міколы Чарняўскага «Свая ёсць песня…» Яе склалі эсэ, літаратурныя партрэты, успаміны.

Многія гэтыя матэрыялы ў свой час я прачытаў у часопісе «Полымя» і ў некаторых іншых выданнях. Чытаю цяпер у кнізе – і зноў не адарвацца! Напісаныя майстрам роднага слова, яны адразу захопліваюць у палон праўдзівым паказам жыцця, павагай аўтара да сваіх герояў, яго любоўю да Радзімы. Мікола Чарняўскі шчыра і цікава расказвае пра вядомых паэтаў і празаікаў сучаснага пакалення. Большасць з іх – яго равеснікі, сябры па жыцці і творчасці: Мікола Маляўка, Казімір Камейша, Уладзімір Дзюба, Анатоль Зэкаў, Уладзімір Мацвеенка, Уладзімір Мазго, Васіль Ткачоў і іншыя. Творы пра іх, сабраныя пад адной вокладкай, сталі асновай кнігі, якая, несумненна, парадуе многіх чытачоў: настаўнікаў, студэнтаў і вучняў, літаратараў, краязнаўцаў, усіх, хто цікавіцца беларускай літаратурай, паважліва ставіцца да роднага слова.

Чытаючы гэтую кнігу, здзіўляешся і па-добраму зайздросціш яе аўтару: які ў яго багаты душэўны запас дабразычлівасці, спагады, павагі да сваіх таварышаў па працы, да тых, пра каго піша! Колькі цікавінак ведае пра кожнага, і як шчыра і тактоўна апісвае ўзаемаадносіны ў жыцці і творчасці! З асаблівым замілаваннем распавядае Мікола Чарняўскі пра родную старонку – Будакашалёўшчыну, пра сваіх землякоў-пісьменнікаў.

Вось, да прыкладу, літаратурны партрэт выдатнага паэта і журналіста, выпускніка філфака БДУ, ураджэнца вёскі Патапаўка Уладзіміра Дзюбы пад назвай «Сцвярджаць сябе усёй жыццёвай праўдай…» У ім аўтар кнігі ўсебакова паказаў воблік творцы, сапраўднага грамадзяніна-патрыёта, яго адданасць роднаму слову, свайму народу. Дае характарыстыку паэзіі Уладзіміра Дзюбы, знаёміць з яго кнігамі лірыкі, якія выйшлі з друку пры жыцці паэта і былі блаславёны такімі знакамітымі мэтрамі ў паэзіі, як Анатоль Вялюгін. Распавядае і пра драматычныя творы паэта, а таксама пра асобныя жыццёвыя сітуацыі, якія сведчаць аб тым, што Уладзімір Дзюба быў вельмі неардынарнай асобай. Гэтаму шчыраму і добразычліваму сябру – таварышу, удумліваму майстру пяра, які рана пайшоў з жыцця, Мікола Чарняўскі прысвяціў некалькі вершаў. Вось адзін з іх:

Жыў надзеяй, жартаваў, смяяўся,
Гонячы ад сэрца прэч тугу.
З келіхам, а то й праз не магу –
Жыў надзеяй, жартаваў, смяяўся.
Спутаны бядой, на ланцугу,
Ды ў палон да мыліц не здаваўся.

У пісьменніцкім коле многія ведаюць пра добразычліва-жартаўлівыя мянушкі «Мікалай Першы» і «Мікалай Другі» – так казалі пра Міколу Маляўку і Міколу Чарняўскага, якія працавалі разам у часопісе «Вясёлка» больш за трыццаць гадоў. Сталі шчырымі і надзейнымі сябрамі. Дык вось і пра гэта напісана ў кнізе, пра якую мы вядзем гаворку. Мікола Чарняўскі ўспамінае: «Заходзячы ў рэдакцыю, сябры-пісьменнікі часта паджартоўвалі з нас, ахрысціўшы царскімі імёнамі – Мікалай Першы і Мікалай Другі. Прызнаюся: мне асабіста такое незвычайнае «ўшанаванне» падабалася. І мой сябар прымаў яго з усмешкай: хіба не дасціпна? Адно скажу: нягледзячы на такую «тытуляванасць», і ён, і я былі памяркоўнымі «самадзержцамі», заўсёды стараліся добразычліва і па-людску абыходзіцца з аўтарамі».

Шмат цёплых, добрых слоў знайшлося ў Міколы Чарняўскага і пра іншых сучасных паэтаў і пісьменнікаў, якімі можна ганарыцца. У кнізе змешчаны творчыя партрэты Уладзіміра Мазго «Пазычу колеры ў вясёлкі…», Уладзіміра Мацвеенкі «Хто ведаць жадае, хадзіце сюды…», Казіміра Камейшы «Свая ёсць песня ў кожным часе…», Расціслава Бензерука «Жыву на зямлі недарма…», Анатоля Зэкава «Ёсць і вяршынька ў слова, і камель…», Васіля Ткачова «Да людзей з любоўю ідучы…», Валерыя Калінічэнкі «Зямля бацькоў, тут лёсу карані…»

Прыгадвае аўтар кнігі і пра цяпер ужо далёкую пару свайго супрацоўніцтва з газетай «Піянер Беларусі», працу ў рэдакцыі часопіса «Бярозка». Узнаўляе таксама гісторыю са знакамітай паэмай «Сказ пра Лысую гару», расказвае пра сустрэчы з яе аўтарам – народным паэтам Беларусі Нілам Гілевічам. Дзеліцца пісьменнік і ўспамінамі пра кнігу свайго маленства «Ніколі не забудзем». Прычым піша праўдзіва, з добрым веданнем таго, аб чым апавядае, з любоўю і пашанай да роднай мовы і літаратуры, да яе творцаў.

Міхась СЛІВА