Даўно гэта было, яшчэ ў дзяцінстве. Аднойчы на ўскрайку нашай вёскі з’явіўся лось. Ён ішоў павольнай паходкай, часам спыняўся, як быццам штосьці шукаў ці кагосьці чакаў. Дарэчы, у тутэйшых мясцінах часта можна было сустрэць зай-ца ці лісу, ды і воўк зрэдку наведваўся, бо паблізу знаходзіўся свінакомплекс. А тут такі лясны прыгажун! Хто адкуль збіраліся людзі, каб паглядзець на яго. Некалькі хвілін лось стаяў, закінуўшы галіністыя рогі, а затым паклыпаў далей.

– Ён такі сумны, – заўважыў хтосьці з дзяцей.

– А чаго ж яму радавацца, – ціха прамовіў пажылы мужчына.

– Можа ён заблукаў і не ведае куды ісці? – падбег да старога хлопчык.

– Не ў тым справа, дзетачкі. Гады два таму назад гэты лось са сваёй ласіхай вось тут, каля нашай вёскі, – цяжка ўздыхнуў дзядуля, – пераходзілі шлях. Сцямнела ўжо, вечар быў ціхі, як зараз. Але цішыню тую парушыў скрэгат тармазоў: не размінуліся ласі з грузавіком. У выніку сяброўка сахатага загінула. Усю ноч ён прастаяў ля сваёй спадарожніцы і толькі раніцай накіраваўся ў лес. А потым кожны вечар у адзін і той час лось прыходзіў на месца здарэння і, закінуўшы ўверх галаву, зацягваў развітальную песню. Ён клікаў сваю сяброўку, ён спадзяваўся. Так працягвалася некалькі дзён. На жаль, мае даражэнькія, дапамагчы яму не ў нашых з вамі сілах. Ён у журбе, і мы не маем права парушаць яго спакой.

Алена БЕЛКА