Выхадзец з Кармы праз увесь свой асабісты і творчы лёс пранёс павагу, цеплыню і любоў да добрушскай зямлі.

– Вобразы аднавяскоўцаў пісьменніка, сяброў, расповед аб нашым раёне і горадзе сустракаюцца ў яго «Карэннях і галінах», «Трывожным шчасці», успамінах, – адзначыла загадчык дзіцячай раённай бібліятэкі Наталля Нікіценка. – На нашых палічках ёсць як асобныя раманы ды аповесці аўтара, так і зборы твораў, самы грунтоўны з якіх – у 23 тамах.
Ёсць у фондах дабрушан і асобнік, падпісаны рукой самога Івана Пятровіча. Яго, як і асабістыя рэчы знакамітага земляка, можна будзе пабачыць падчас святкавання юбілейнай даты ў пятніцу ў школе мастацтваў.
Як расказала дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі Алена Паршакова, мерапрыемствы 30 студзеня пачнуцца ў 10.15 з ускладання кветак да помніка Івану Шамякіну (цэнтральны сквер Добруша).
– У 11.00 усіх прыхільнікаў таленту празаіка чакаем на святочны канцэрт, – запрасіла яна. – Там разважаннямі аб літаратурнай спадчыне і асобе творцы падзеляцца старшыня Гомельскага абласнога аддзялення «Саюза пісьменнікаў Беларусі» Уладзімір Гаўрыловіч, яго калегі па пяры, знаёмыя беларускага класіка.
Суразмоўніца ўдакладніла, што таксама падчас канцэрта ўзнагародзяць пераможцаў анлайн-конкурсу, прысвечанага 105-годдзю з дня нараджэння Івана Шамякіна.



