Пятае юбілейнае фальклорнае свята «Уваравіцкі кірмаш» сабрала ў г.п. Уваравічы шмат гасцей і ўдзельнікаў.

Адкрываючы мерапрыемства, старшыня Уваравіцкага сельскага Савета дэпутатаў, сельскага выканаўчага камітэта Віталій Панцялеенка адзначыў важнасць захавання традыцый і правядзення мерапрыемстваў, якія аб’ядноўваюць людзей, дапамагаюць захаваць спадчыну і перадаць яе малодшаму пакаленню.

На працягу ўсяго свята на уваравіцкай зямлі панавала атмасфера радасці і гасціннасці. Асаблівы настрой стваралі шматлікія гандлёвыя рады, выставы народных умельцаў і майстроў раёна, якія дэманстравалі вырабы з саломы, тканіны і іншых матэрыялаў. Удзельнікі мерапрыемства маглі не толькі палюбавацца на прыгожыя работы, але і набыць іх на памяць.
Свае творчыя нумары падаравалі гасцям народны вакальны ансамбль «Калініца» Камунараўскага Палаца культуры, Галіна Белавусава, губіцкі дуэт у складзе Дар’і Давыдавай і Алега Сомава, Святлана Казачэнка, Алена Лісаковіч, народны фальклорны ансамбль «Губічанка», Вольга Немчанка, вакальны ансамбль «Кумачкі», заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь узорны ансамбль танца «Мілавіца», гурт «Жывіца», Галіна Белавусава і Аксана Кубарава, Любоў Ганжына, Тамара Папкова, народны ансамбль побытавага танца «Ойра», вакальны ансамбль «Купава», Таццяна Фесько, народны калектыў аматарскай творчасці «Насустрач душы», народны фальклорны калектыў «Сябрына», вакальны гурт «Сузор’е», народны фальклорны ансамбль «Сінічкі» і народны ансамбль народнай песні «Верас». Усе яны атрымалі дыпломы за аднаўленне і захаванне мясцовых традыцыйных культур.

Узнагароды таксама атрымалі народныя ўмельцы, якія прадставілі свае работы на выставах. Сярод іх – Валянціна Якутовіч (Гусявіцкі цэнтр народнай творчасці), Ганна Шаўчэнка (Чабатовіцкі цэнтр народнай творчасці), Аксана Мануліна і Раіса Васільцова (Уваравіцкі гарадскі дом культуры), Сяргей Гарбачоў і Таццяна Булаўка (Губіцкі дом рамёстваў), народная студыя дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Чараўніцы» Уваравіцкага цэнтра дзіцячай творчасці, майстар Алеся Умарава, а таксама Рагінскі цэнтр народнай творчасці.



Асобна на свяце былі падведзены вынікі конкурса-выставы «Кірмашоўскі пеўнік». Журы ацэньвала работы па некалькіх крытэрыях: арыгінальнасць, майстэрства выканання і адпаведнасць тэме свята.
Па выніках конкурсу дыпломам трэцяй ступені ўзнагароджаны гурток «Белорусский сувенир» Уваравіцкага ГДК. Другое месца заняла прадстаўніца Рагінскага ЦНТ Ірына Хоміч. Пераможцам конкурсу стала аматарскае аб’яднанне «Кудесница» Крыўскага сельскага дома культуры.

Свята прайшло гучна, весела і сапраўды па-беларуску. Госці атрымалі шмат станоўчых эмоцый, а ўдзельнікі – заслужаныя ўзнагароды.
«Уваравіцкі кірмаш» праходзіць кожныя два гады, таму да сустрэчы ў 2028 годзе!





Свята прайшло гучна, весела і сапраўды па-беларуску. Госці атрымалі шмат станоўчых эмоцый, а ўдзельнікі – заслужаныя ўзнагароды.
«Уваравіцкі кірмаш» праходзіць кожныя два гады, таму да сустрэчы ў 2028-м.
Елизавета Малая
Фото автора


