Аднаіменны адкрыты фестываль-конкурс сёння праходзіць на базе Камунараўскай школы. Удзел у ім прымаюць 6 каманд устаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна: «Залацінкі» – з гімназіі г. Буда-Кашалёва, «Асветнікі» – Камунараўскай школы, «Эрудыт» – Уваравіцкай школы, «Вясёлка» – Узоўскай школы, «Сябры» – з СШ №1 райцэнтра, «Скарбніца» – зборная каманда, у складзе якой вучні Шырокаўскай, Акцябрскай і Камунараўскай школ.

Фестываль-конкурс – сумесная ініцыятыва аддзела адукацыі райвыканкама, раённага вучэбна-метадычнага кабінета і Камунараўскай школы, скіраваная на актывізацыю алімпіяднага руху, павышэнне моўнай кампетэнцыі навучэнцаў, выхаванне грамадзянска-патрыятычнай пазіцыі школьнікаў.

Вучням 5-8 класаў неабходна будзе паказаць свае ўменні працаваць у камандзе і індывідуальна. Конкурсная праграма складаецца з трох тураў: бліц-віктарыны (індывідуальная работа), гульні па станцыях «Этнаграфічная», «Лінгвістычная», «Паэтычная», «Фразеалагічная», «Загадкавая», «Эрудыт» (камандная работа) і алімпіяднага квізу (камандная работа). Каб паспяхова прайсці ўсе туры, вучні павінны добра валодаць праграмным матэрыялам па беларускай мове і літаратуры, быць кемлівымі, умець разважаць, аналізаваць, рабіць абагульненні і вывады.

Жадаем усім вучням праявіць сваю ініцыятыву, эрудыцыю, творчасць пры выкананні прапанаваных заданняў. Усім плённай працы, мацнейшым – перамогі.

Валянціна Гапеева
Фотаздымкі з архіва ўдзельнікаў