Згодна звесткам ІАЦ, за 2019 год 48% беларусаў лічаць роднай мовай беларускую, але толькі 3% насельніцтва выкарыстоўвае яе ў сваім маўленні.

Прызнаюся чэсна: такія звесткі прывялі мяне ў шок. Бо як гэта так? Менш за палову насельніцтва нашай краіны не тое што не размаўляе на сваёй мове, а нават не лічыць яе роднай! Жах, праўда?

Гэта статыстыка. Канешне, можно спаслацца на недахопы пры апытванні і недакладнасці ў працэсе падліку, але пасля аднаго здарэння я ўсё ж такі паверыла ў праўдзівасць статыстычных вынікаў.

Гэта цікавая гісторыя, хоць і не вельмі значная на першы погляд. Але можаце быць упэўненымі: я вас у гэтым пераканаю. Бо менавіта такія, здаецца, звычайныя дробязі шмат пра што могуць расказаць.

Справа ў тым, што я вельмі люблю размаўляць па-беларуску, але ў коле сваіх родных і сяброў адчуваю сябе не вельмі зручна: яны не адносяцца да тых самых 3%. Аднак сябе да гэтай маленькай групы беларусаў я сапраўды магу далучыць, бо па магчымасці стараюся выкарыстоўваць родную мову ў сваёй гаворцы. Як рэагуюць астатнія? Зараз вы даведаецеся.

Здарылася гэта зусім нядаўна. Седзячы ў аўтобусе, мы з настаўніцай абмяркоўвалі вынікі чарговага конкурсу маўленчага майстэрства, і тут да нас падышоў вельмі дапытлівы мужчына. Стала зразумела, што яго здзівіла наша беларуская гаворка, і, наважыўшыся, ён звярнуўся да настаўніцы з наступным пытаннем:

– Извините, пожалуйста, а как будут на белорусском сутки?

– Так і будуць – суткі, – ветліва адказала яна.

Мужчына падзякаваў за адказ і, відаць, хацеў далучыцца да нашай размовы, але штосьці яго ўсё ж такі спыніла. Што гэта? Сарамлівасць за не падобную да ўсіх гаворку ці сорам з-за няведання роднай мовы? На жаль, гэта застанецца для нас адкрытым пытаннем.

Мова
Праз гады і праз стагоддзі
Мовы нашай шлях ідзе.
Цераз бітвы, жах, грымоцце
Ён народ у свет вядзе.
Колькі ён не прыпыняўся,
Не адкідваўся людзьмі?.
Усё ж, нарэшце, утрымаўся
На раздробленай зямлі.
Доўга білі наша слова,
Вынішчалі карані.
Толькі моцная аснова
Засталася на вякі.

Мая мова
Мяне вабяць цікавыя словы,
Што яна для ўсіх зберагла,
Каб вучылі мы родную мову
І свой час не гублялі дарма.
Каб мы ведалі цэлае мора
Гэтых чыстых, прываблівых слоў,
І заўсёды размова гучала
На шляху нашых усіх перамоў.
І скажу я вам ветліва: людзі,
Не губіце яе і падчас,
Калі прыйдуць ліхія часіны,
Зберажыце святыню для нас!

Марыя Казлова,
вучаніца Уваравіцкай школы,
член клуба “Юны журналіст”