СКАРЫНАВА СЛОВА
Скарынавай душою
ўзлашчанае слова
крыляла над мяжою,
бруілася вяснова.

З ім сеялі і жалі,
грыбы збіралі ў лесе.
Яно – у песнях жалю,
яно – у жартоўных песнях.

У ім – і плач хаўтурны,
у ім – і шэпт таемны,
у ім – і гнеў, і буры
пажарышчаў ваенных.

Узлятала над планетай
і клікала дадому…
Не знішчыць слова гэта,
не вытруціць нікому.

З Радзімаю адзінай
жыве яно асновай.
Пакуль жыве Радзіма –
датуль жыве і слова.

* * *
У цішыні прысад вясковых,
дзе, нібы бохан, аралля,
матуля высявала словы,
каб дзецям перадаць пасля.

І спелі словы, быццам зоры
пад вечар спеюць у раллі,
як бульба сопкая ў разорах
ці вішні ў садзе на галлі.

У словах тых – мая аснова,
і мой працяг – у словах тых,
бо не пад сонцам спелі словы,
спяліла маці ў сэрцы іх.
Анатоль ЗЭКАЎ

ГАДЗІННІК КУПАЛЫ
За шклом пад сховай цішыні музейнай
Ты, сведка дзён паэта, раптам змоўк.
І не хвалююць стрэлкі больш імгненні,
Як сэрца песняра лёс мужыкоў.

З апошняю сякундай свайго веку
Ты адышоў гісторыі ў палон,
І толькі тым вядомы сёння свету,
Што грэла цябе Янкава далонь.

А ён, вяшчальнік радасці і болю,
І часу свайго чуйны камертон,
Жніво святкуе ў песнях з намі ў полі,
З ілба сцірае пот хусцінкай дзён.

І, веру, даляціць нашчадкам новым,
Нібы ад зоркі, што нясе дабро,
Узвышанае шчырым родным словам
Купалаўскага таленту святло.
Валерый КАЛІНІЧЭНКА

Слова роднае – крыж
над парогам,
Слова роднае – вечнасці след.
Слова роднае змалку – ад Бога,
Ад зямлі, што радзіла на свет.

Мікола ЧАРНЯЎСКІ