6-7 верасня ў горадзе Лідзе праходзіць ХХХII Дзень беларускага пісьменства. З гэтай нагоды карэспандэнт «Авангарда» пацікавілася ў жыхароў райцэнтра, творчасці якіх беларускіх пісьменнікаў яны аддаюць перавагу.
Наталля Кузiкава, жыхарка Буда-Кашалёва:
– Аддаю перавагу яркім прадстаўнікам беларускай літаратуры ХХ стагоддзя – Івану Мележу і Васілю Быкаву. Мележ умела перадаваў атмасферу вёскі, асаблівасці побыту і характар герояў. Раман «Людзі на балоце» перачытвала шмат разоў. Нельга без слёз чытаць аповесць Васіля Быкава «Альпійская балада», у якой пісьменнік распавядае пра каханне і смерць ва ўмовах вайны. Лічу, што сучаснае пакаленне абавязкова павінна знаёміцца з творамі гэтых выдатных аўтараў.
Святлана Кірэенка, гараджанка:
– Вельмі падабаюцца творы пісьменнікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Да прыкладу, верш «Мужык», у якім паказваецца праца простага чалавека, а таксама аповесць «Сымон-музыка», якая апавядае пра лёс таленавітага музыканта. Гэтыя аўтары ўражваюць сваёй адданасцю роднай мове, традыцыям і народным каштоўнасцям. І сёння іх творчасць працягвае жыць у сэрцах многіх пакаленняў беларусаў.
Арцём Грышкоў, вучань 7 класа СШ №1 райцэнтра:
– Беларуская літаратура багатая на таленавітых пісьменнікаў, чые творы шырока вывучаюць у школах. Мне вельмі падабаецца верш Максіма Багдановіча «Слуцкія ткачыхі», а таксама творы Янкі Купалы, Максіма Танка, землякоў-пісьменнікаў Анатоля Зэкава і Міколы Чарняўскага.
Iрына СНЕЖНАЯ
Фотаздымкі аўтара