Гучы, колавая ліра. Будзі, гучная Будзіла, ці Сказ пра тое, як Віталь Карпінскі на Будакашалёўшчыне беларускае лірніцкае мастацтва адраджаў.

Пра Віталя Карпінскага, бадай, не чуў толькі той, хто зусім не чытае навін і не цікавіцца беларускай гісторыяй і народнымі традыцыямі. Майстра Любаміра, менавіта такую творчую мянушку абраў для сябе наш герой, добра ведаюць далёка за межамі Буда-Кашалёўскага раёна. Дарэчы, ён яшчэ з‘яўляецца дэпутатам райсавета. Дзякуючы яму пяць гадоў таму назад на Будакашалёўшчыне з’явіўся на свет першы ручнік, сатканы ў XXI ст., а яшчэ праз два гады, у 2018-м, у Гусявіцы быў адкрыты цэнтр ткацтва. Чаго тут толькі не робяць: і ткацкія станкі, і ручнікі на заказ ткуць! А якія лоўкія драўляныя свістулькі атрымліваюцца ў Віталя Валер’евіча, лялькі, дзіцячыя цацкі: ад самых простых да мудрагелістых механічных, з якімі колісь на кірмашах і малых, і старых забаўлялі! Настольны тэатр лялек «Казачная хатка» – па тыпу беларускай народнай батлейкі – таксама яго рук справа. Іншы б ужо спачываў на лаўрах, а наш неўтаймаваны зямляк бярэц-ца адраджаць беларускае лірніцкае мастацтва.

І вось на Будакашалёўшчыне зноў загучала колавая ліра – старажытны струнны смычковы інструмент, дзе ролю смычка выконвае кола, якое трэцца аб струны. Вядома яна на беларускіх землях з першай паловы XVII ст. На пачатку XIX ст. лірніцкія традыцыі былі ў нас даволі моцнымі. З цягам часу жабракі-спевакі сталі не «ўпісвацца» ў новы кантэкст, і разам з імі амаль не знік і спрадвечны беларускі музыкальны інструмент. Апошні раз на Будакашалёўшчыне ліра колавая гучала ў 60-х гадах мінулага стагоддзя.

Вось і Ніна Брундукова асабіста назірала, як па Гусявіцы хадзілі вандроўныя выканаўцы: сляпы старац з жанчынай-павадыром. Павесіўшы інструмент на рамяні праз плячо або седзячы, паклаўшы яго на калені, правай рукой лірнік круціў ручку маленькага драўлянага кола, а левай націскаў на клавішы, размешчаныя на корпусе інструмента. Старцы спявалі духоўныя вершы і псалмы, а слухачы адорвалі іх кавалкам хлеба ці сала, яйкам. Захаваліся нават імёны старцаў – гэта, кажуць, былі муж з жонкай Кузьма і Ева. Жылі яны ці ў Кленавіцы, ці ў Елянцы і вандравалі па ўсяму раёну.

Сёння лірніцкае мастацтва адраджаецца дзякуючы такім вось самабытным майстрам, апантаным энтузіястам, як наш герой, які не только зрабіў колавую ліру, але і грае на ёй, спявае, выступае на розных творчых пляцоўках па ўсёй краіне, абуджае ў сваіх суайчыннікаў цікавасць, павагу і любоў да беларускай гісторыі і культуры.

– Ліра колавая мае ні з чым не параўнальнае, досыць моц-нае, пранізлівае, бурдоннае гучанне. Паверце, інструмент варты таго, каб вярнуць яго з небыцця. Ідэя зрабіць ліру нарадзілася даўно. Гэта першая пробная мадэль, але ў яе ёсць уласнае імя – Будзіла. Я пяшчотна называю яе сваёй дзяўчынкай: у мяне ж тры сыны, а гэта дачушка. Струны традыцыйна для ліры рабіліся з бычыных жылаў, я ж узяў струны ад віяланчэлі. На корпус і дэталі пайшлі розныя пароды дрэў: бяроза, сасна, дуб. Важыць мая «дзяўчынка» 10 кілаграмаў, бо корпус выдзяўбаны, а не з фанеры, як зараз робяць некаторыя. Цяжкаватая, канешне. Наступны раз зраблю крышачку па-іншаму. Мы выкарыстоўваем ліру колавую ў нашым лялечным тэатры, а бібліятэкар Гусявіцкай сельскай бібліятэкі Ніна Сербунова нават і песню для ліры напісала «Як сонца будзіла зямлю». Сэнс песні даволі глыбокі: абуджэнне ў людзях духоўнасці. Прыязджайце да нас паслухаць нашу Будзілу, не пашкадуеце.

Тэатр лялек «Казачная хатка»

Аляксандр ТУР
Фота Ірыны Палубец