Да партызанскай барацьбы ў тыле ворага ў раёне рыхтаваліся загадзя. Была пакінута група з 32 чалавек на чале з І.М. Карнеевым. Але замацавацца і разгарнуць дзейнасць яна не змагла і разам з часцямі Чырвонай арміі выйшла за лінію фронта. У раёне застаўся член гэтай групы Эдуард Лаўрыновіч. Ён падбіраў надзейных людзей, збіраў зброю, рыхтаваў дыверсійную групу. Яшчэ адзін партызанскі атрад арганізавалі Аляксей Дземчанка і Пётр Мацюшкоў, абодва ўраджэнцы Будакашалёўшчыны. Партызанскія сілы ў раёне папаўнялі ініцыятыўныя і дыверсійныя групы, якія былі накіраваны ЦК КП(б)Б у тыл ворага.

Партызаны наносілі значныя страты гітлераўцам, трымаючы іх у пастаянным напружанні. У час “рэйкавай вайны” ў 1943-м, напрыклад, партызаны 1-й Буда-Кашалёўскай брыгады перабілі больш за тысячу рэек, выводзілі са строю чыгуначныя станцыі, іх абсталяванне, падрывалі фашысцкія эшалоны з жывою сілай і баявой тэхнікай. А ў стратэгічных адносінах Буда-Кашалёўскі раён меў важнае значэнне для нямецкай арміі.

Вялікую работу праводзілі партызаны сярод варожых гарнізонаў, якія размяшчаліся ў Рагіні, Дзербічах, Майсееўцы, Губічах, Меркулавічах, Буда-Кашалёве: за кароткі час да іх перайшлі многія з паліцэйскіх. Адной з галоўных задач яны лічылі ратаванне мірнага насельніцтва, яго маёмасці.