Наш зямляк Анатоль Зэкаў — пісьменнік шматжанравы: на яго творчым рахунку каля пяцідзесяці кніг паэзіі, прозы, вершаў, апавяданняў і казак для дзяцей, сатыры і гумару. Спрабуе ён свае сілы і ў драматургіі: па яго лібрэта пастаўлены два спектаклі ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры: «Жыццё і смерць Янкі Купалы» і «Камедыя», п’еса-фантазія «Як Гаўка ў космас збіраўся» — у дзіцячых тэатральных калектывах Чэрвеня і Любані.
Менавіта ў намінацыі «Драматургія» ён атрымаў сёлета Нацыянальную літаратурную прэмію за перамогу ў рэспубліканскім конкурсе на лепшую кнігу 2025 года «Двор пад буслінымі крыламі». Дыплом пераможцы і хрустальную статуэтку Анатоль Зэкаў на святкаванні Дня беларускага пісьменства ў Касцюковічах атрымаў з рук міністра інфармацыі Дзмітрыя Жука і старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алеся Карлюкевіча.
Зрэшты, летась такой жа прэміяй у намінацыі «Дзіцячая літаратура» быў уганараваны яшчэ адзін будакашалёвец — Мікола Чарняўскі.



